Як актывістцы «недармаедаў» адмаўлялі ў праве на мірнае шэсце ў Мазырскім судзе. Каментар праваабаронцы
Палеская Вясна
15.06.2019
12 чэрвеня ў Мазыры адбыўся суд па скарзе Марыі Тарасенка на адмову ў правядзенні мірнага масавага мерапрыемства ў выглядзе вулічнага шэсця супраць «дармаедскага» дэкрэта № 3. Пасяджэнне каментуе старшыня Мазырскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Целяпун.
Уладзімір Целяпун і Марыя Тарасенка
Адмову ў правядзенні шэсця ад імя Мазырскага райвыканкама падпісаў намеснік старшыні Фелікс Галюк. Аднак сам з’явіца на судовае пасяджэнне, у якім разглядалася скарга на ягоную адмову, каб аргументавана абараніць сваю пазіцыю, пан Галюк, не палічыў патрэбным. Відаць для яго суд гэта - занадта прынізлівае ягоную чынавенскую годнасць мерапрыемства. А можа і сам разумее, што судовыя пасяджэнні беларускіх судоў у палітычных справах – фарс з загадзя вядомым вынікам, на які такім «высокім» чыноўнікам не варта марнаваць свой час.
Фелікс Галюк
Галюк накіраваў сваімі прадстаўніцамі ў суд жанчын на чале з начальнікам аддзела ідэалогіі, культуры і ў справах моладзі Ірынай Міронычавай.
У Мазыры ў мясцовым кіраванні пануе матрыярхат: Мазырскі райсавет і райвыканкам ўзначальваюць жанчыны – Валянціна Назаранка і Алена Паўлечка. Дарэчы, як раз старшыня райвыканкама Валянціна Назаранка і з’яўляецца старшынёй камісіі па так званаму садзейнічанню занятасці насельніцтва, якая вырашае, каго прызнаць «дармаедам», а каму захаваць грамадзянскія правы роўныя з тымі, хто працуе па найму.
А вось вяршыць суд пра адмову ў праве на мірныя сходы было даручана мужчыне – суддзя Сяргей Град вёў судовае пасяджэнне. Заяву на правядзенне масавага мерапрыемства падае жанчына, адмаўляе ў правядзенні масавага мерапрыемства мужчына, яго асобу ў судзе прадстаўляюць жанчыны, суд вершыць мужчына – вось такая «гендарная роўнасць» у нас у Мазыры.
Рашэнне суда было прадказальным, як і ў іншых выпадках па заявах Марыны Тарасенка. У задавальненні скаргі адмовіць.
Прычына – не канкрэтызаваны маршрут правядзення вулічнага шэсця. Указаная ў заяўцы на правядзенне шэсця назва вуліцы, Савецкая, якая мае пачатак і заканчэнне (ад дома №1 да дома № 244), на што звяртала ўвагу ў судовым пасяджэнні заяўніца, не з’яўляецца паказчыкам маршруту.
У той жа час у заканадаўстве не акрэслена дакладнасць указання маршруту. Варта таксама згадаць, што пры прыняціі рашэння аб адмове ў правядзенні вулічнага шлэсця, адказнай асобай Феліксам Галюком павінна была быць улічана Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 05 сакавіка 2012 №207 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі ўзаемадзеяння праваахоўных органаў, арганізатараў масавых мерапрыемстваў і прадстаўнікоў грамадскасці, якія выконваюць абавязкі па ахове грамадскага парадку, па пытаннях аховы грамадскага парадку і забеспячэння грамадскай бяспекі пры правядзенні масавых мерапрыемстваў» і толькі пасьля гэтага прымацца рашэнне, прычым, пры ўдзеле заяўніка.
Мясцовае чынавенства ігнаруе прававыя акты вышэйстаячых органаў, альбо выкарыстоўвае іх на асабістае жаданне і разуменне.
Даводзіцца канстатаваць таксама незацікаўленасць грамадзян у праяўленні салідарнасці з жанчынай, якая змагаецца за правы многіх людзей. Магчыма тут адыграла ролю недастатковая папярэдняя інфармаванасць грамадства.
Аднак гэта магчыма выправіць бліжэйшым часам зноў жа ў Мазыры. 19 чэрвеня 2019 года на 11-ю гадзіну прызначана судовае паседжанне па скарзе на адмову ў правядзенні вулічнага шэсця ў Ельску. Там, мабыць, ўжо не засталося суддзяў, альбо не прыдатны для пасяджэнняў будынак суда Ельскага раёну, таму паседжанне суда адбунецца ў судзе Мазырскага раёна ў Мазыры на вуліцы Пралетарскай, 86.
Заклікаю ўсіх недармаедаў Мазыра і Ельска праявіць салідарнасць і прыйсці на судовае пасяджэнне!
Будзьма разам!