Мірныя сходы - табу? Улады раёнаў Гомельшчыны паўсюдна забаранілі шэсці супраць «дармаедскага» дэкрэту
Палеская Вясна
23.05.2019
Выканкамы розных раёнаў Гомельшчыны ў адзін голас адмаўляюць у ажыццяўленні права на мірныя сходы, адказваючы на заявы Марыі Тарасенка, вядомай сваім змаганнем супраць прэзідэнцкга дэкрэта № 3, паведамляе Гомельская Вясна.
Раней Марыя Тарасенка атрымала адмову ад Добрушскага райвыканкама, а ў апошнія дні адказалі з гарадскіх раёнаў Гомеля, а таксама з Мазыра, Рэчыцы, Рагачова. І ва ўсіх адказах - аднатыпныя адмовы паводле фармальнай падставы.
У абласным цэнтры забароненыя адразу чатыры акцыі, заяўленыя ў кожным раёне горада. Паводле версіі гарадскіх чыноўнікаў, заяўніца не пазначыла маршрут руху вулічных шэсцяў, хоць у кожнай заяўцы ўказана канкрэтная вуліца, якою меркавалася шэсце групы людзей.
На кожную забарону Марыя Тарасенка рыхтуе скаргі ў суды. Яна разлічвае давесці ўвесь гэты абсурд да Вярхоўнага суда.
«Мяне запісалі ў дармаеды, я пайшла ў суд, а там адмова - супраць дэкрэту суда няма. Для прыцягнення увагі грамадскасці да неканстытуцыйнасці дармаедскага дэкрэта я заявіла 25 мірных акцый пратэсту ў рэгіёне, і вось атрымліваю забароны. Выходзіць, у краіне на нашыя правы, на правы грамадзян ўведзена фактычнае табу?»,
- здзіўляецца Марыя Тарасенка.
Праваабаронца Леанід Судаленка заяўляе, што кейс «Марыя Тарасенка супраць дармаедскага дэкрэта» рана ці позна ўвойдзе ў падручнікі гісторыі Беларусі.
«Гэтая смелая жанчына паказвае ўсім нам, як трэба адстойваць свае правы. І датычна адмовы ў правасуддзі, і датычна адмовы ў пазове пра маральную шкоду, і зараз датычна ўсіх гэтых адмоваў у пратэстных акцыях мы вычарпаем усе ўнутраныя сродкі прававой абароны. Калі пасля гэтых захадаў нас не пачуе Канстытуцыйны суд - перадамо кейс на міжнародны ўзровень»,
- заявіў Л. Судаленка.
Ён акцэнтаваў увагу на тым, што ў выпадку правядзення несанкцыянаванай акцыі, паводле беларускага заканадаўства яе арганізатара чакаюць вельмі сур'ёзныя адміністрацыйныя санкцыі - да 50 базавых велічынь штрафу (каля 550 еўра) і нават арышт да 15 сутак.