Рэчыца, Мазыр, Светлагорск, Добруш… У раённых судах паўсюдна падтрымліваюць адмовы выканкамаў у праве на шэсці супраць Дэкрэта № 3
Андрусь ГАЁВЫ
14.06.2019
У судах чатырох раёнаў Гомельскай вобласці разгледзелі скаргі Марыі Тарасенка, якая раней падавала заявы ў мясцовыя органы ўлады на правядзенне ў райцэнтрах мірных шэсцяў супраць так званага «дармаедскага» дэкрэта. Ні ў адным раёне вобласці мірныя сходы выканкамы не дазволілі. Раённыя суды паўсюдна становяцца на бок выканаўчых уладаў.
Фота: belkagomel.by
Марыя Тарасенка – першая беларуска, якая спрабавала бараніць сваё права на працу без прымусу праз суд, паспрабавала прыцягнуць увагу грамадскасці да парушэння правоў чалавека нормамі Дэкрэта № 3 праз вулічныя шэсці ва ўсіх раёнах вобласці. Але райвыканкамы паўсюль адказалі адмовамі на яе заяўкі.
Тады жанчына вырашыла абскардзіць адмовы ў ажыццяўленні права на мірныя сходы ў судах раённага ўзроўню. Першае пасяджэнне адбылося 10 чэрвеня ў Рэчыцы. Суддзя Святлана Пырх прыняла рашэнне адмовіць у задавальненні скаргі Марыі Тарасенка.
12 чэрвеня скаргі Марыі Тарасенка разгледзелі ў судах Мазырскага, Светлагорскага і Добрушскага раёнаў. Усюды ў задавальненні патрабаванняў заяўніцы таксама суды адмовілі.
Нагадаем, што ў Беларусі, згодна з праведзенай Аляксандрам Лукашэнкам у 1996 годзе канстытуцыйнай рэформай, суддзяў усіх судоў прызначае на пасады і вызваляе ад пасадаў асабіста аўтар праблемнага дэкрэта – прэзідэнт Лукашэнка. Ён жа прызначае і звальняе і кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Таму паўсюдная падтрымка суддзямі рашэнняў мясцовых выканкамаў, якія пазбаўляюць грамадзянаў магчымасці адкрыта выказаць сваю пазіцыю супраць дыскрымінацыйнага дэкрэта прэзідэнта, цалкам вытлумачальная.
Звяртае на сябе ўвагу матывацыйная частка рашэння суддзі Суда Добрушскага раёну Алега Васюкова. Ён патлумачыў сваю адмову ў задавальненні скаргі тым, што
«…заяўніца са свайго боку дапускае вольную трактоўку і тлумачэнне міжнародных нормаў, вырываючы з кантэксту пэўныя фразы і сказы, тым самым змяняючы агульны сэнс актаў заканадаўства паводле свайго меркавання, ігнаруе дзейнае заканадаўства і патрабаванні згаданых міжнародных нормаў, якія не проста дапускаюць, а прадугледжваюць пэўныя абмежаванні, калі яны прадугледжаныя заканадаўствам».
Рашэнне суддзі з Добруша пракаментаваў вядомы гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які аказвае Марыі Тарасенка дапамогу ў стратэгічнай цяжбе ў судах. Ён лічыць, што добрушскі суддзя паказаў сваю поўную некампетэнтнасць у пытаннях міжнароднага права.
«Любое абмежаванне правоў чалавека мусіць быць не толькі прадугледжанае заканадаўствам, пра што піша ў сваім рашэнні суддзя, але павінна яшчэ і з'яўляцца неабходным і дапушчальным у дэмакратычным грамадстве і сувымяральным. Гэтыя акалічнасці ў патрабаваннях ратыфікаваных Беларуссю міжнародных прававых актаў суддзя Васюкоў чамусьці “не заўважыў”. І хто пасля гэтага вырывае з кантэксту норм права фразы і сказы?»,
- гаворыць праваабаронца.
На думку Леаніда Судаленкі, суддзя аніяк не абгрунтаваў тое, якім чынам вулічнае шэсце ў Добрушы магло нанесці шкоду інтарэсам дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
Паводле словаў Марыі Тарасенка ў найбліжэйшыя дні судовыя паседжанні па разглядзе ейных скаргаў на паўсюдныя адмовы улады ў ажыццяўленні права на мірныя сходы адбудуцца ў Нароўлі, Рагачове і Акцябрскім.
Падрыхтавана з выкарыстаннем матэрыялаў сайту Гомельсая Вясна