Суддзямі Вярхоўнага Суда сталі «перадавікі» палітычных працэсаў
Цімур Казачэнка
09.08.2023
>>
У Вярхоўным Судзе
папаўненне: А. Лукашэнка прызначыў туды трох суддзяў, якія «праявілі сябе» ў
вынясенні палітычна матываваных прыгавораў. Сярод іх – Руслан Царук з Гомельскага
абласнога суда.
Астатнія двое – Максім Філатаў,
які быў суддзём Гродзенскага абласнога суда, І Алена Рудніцкая – яна з Мінскага гарадскога. Фармальна прызначэнні
павінны быць узгоднены ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу.
На пасадзе суддзі Гомельскага абласнога суда Руслан Царук стаў «рэкардсменам» па палітычна матываваных прыгаворах: у мінулым годзе ён вынес іх 14, а з пачатку бягучага года 8. Да таго
з’яўляўся суддзёй суда Светлагорскага раёна, дзе неаднойчы вёў палітычна
матываваныя адміністрацыйныя працэсы. Яго асабісты аўтамабіль быў спалены ў
Светлагорску. Дарэчы, раней ён працаваў у светлагорскім інфармацыйна-рэкламным
прадпрыемстве «Ранак», на супрацоўнікаў якога сёлета былі накладзеныя арышты і штрафы пасля апублікавання «Ранкам» інфармацыі
пра выбух і гібель людзей на сумнавядомым светлагорскім заводзе беленай
цэлюлозы.
М. Філатаў стаў суддзёй абласнога суда менш за 2 гады таму назад. Ён
разглядаў справы, па якіх былі асуджаны прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, журналіст Павел
Мажэйка і актывіст з Лідскага раёна Вітальд
Ашурак – ён памёр у 2021 г. ў калоніі пры абставінах, афіцыйная прычына
якіх не выклікае даверу ў грамадстве.
А. Рудніцкая ліквідоўвала грамадскія аб’яднанні па позвах Міністэрства
юстыцыі. Раней, з’яўляючыся суддзёй суда Маскоўскага раёна Мінска, у 2011 г., вяла
працэсы па справах арыштаваных за пратэстныя акцыі пасля прэзідэнцкіх выбараў
2010 г. У 2016 г. разглядала позву прадпрыемства «Мілкавіта» да Юрыя Карманава, журналіста інфармацыйнага
агенства «Асашыэйтэд прэс».