Жыхару Мазыра прысудзілі тры гады калоніі за перасылку відэа з расейскімі вайскоўцамі

Жорж Кунцэвіч 18.01.2023

>

Стаў вядомы прысуд жыхару Мазыра Вадзіму Баранаву, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што ён зняў відэа расейскай вайсковай тэхнікі падчас нападу Расеі на Украіну з боку Беларусі і хацеў пераслаць некаторым «Тэлеграм»-каналам.

Справу мазыраніна разглядаў суддзя Гомельскага абласнога суду Руслан Царук. У віну Вадзіму ставілі садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса.

Малады чалавек знаходзіўся ў Польшы, і прыехаў дадому да маці. У доме раніцой 8 ліпеня яго затрымалі людзі з ГУБАЗіКА. Прычынай стала тое, што ён нібыта ў 2020 г. хадзіў на мітынгі, а ў 2022 фатаграфаваў ваенную тэхніку і здымкі дасылаў у «Тэлеграм»-каналы.

Крыніца інфармацыі сцвярджае, што пры затрыманні грамадзяніна збілі і пашкодзілі яго дакументы – пашпарт, працоўную кніжку і вадзіцельскае пасведчанне (што перашкодзіла вяртанню за мяжу). Пракуратура і Следчы камітэт на яго скаргу адказалі, што, маўляў, дакументы ён сам недзе страціў, і безпадстаўна скардзіцца.

Пасля аднаўлення дакументаў, у дзень, калі атрымаў новую польскую візу, грамадзянін пайшоў у РАУС, каб спытаць пра свой выняты міліцыяй айфон. Там яго зноў затрымалі і склалі 6 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле першага прытаколу ён быў арыштаваны судом Мазырскага раёна на 6 сутак, паводле другога – аштрафаваны на 20 базавых велічыняў і г. д. – суддзя Элеанора Ярмоленка забірала пратаколы да таго часу, калі супраць грамадзяніна завялі крымінальную справу.

Паводле версіі абвінавачання, Вадзім Баранаў «меў намер на садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і 26.02.2022 г здымаў на відэа перамяшчэнне ваенізаваных падраздзяленняў неўстаноўленай дзяржавы для перадачы дадзеных у «Тэлеграм»-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі, чым аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, тым самым здзейсніў злачынства па ч. 1, арт.361-4, а таксама неаднаразова перадаваў звесткі аб перамяшчэнні ваеннай тэхнікі ў красавіку 2022 г., тым самым здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт.361-4».

У судовым працэсе абвінавачаны прызнаў віну і патлумачыў, што зняў відэа з вакна ўласнага дому і сапраўды пераслаў яго ў паблік. Пра тое, што паблік прызнаны «экстрэмісцкім» Вадзім не ведаў. Мужчына таксама патлумачыў, што проста хацеў «паказаць людзям, колькі ў нас з'явілася вайсковай тэхнікі». Таксама Вадзім адзначыў, што калі б ведаў, што здымка тэхнікі зʼяўляецца злачынствам то ніколі гэтага не рабіў бы.

Суддзя Царук 12 студзеня пастанавіў пакараць Вадзіма Баранава пазбаўленнем волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму тэрмінам на тры гады, а тэлефон, з дапамогай якога «ажыццяўлялася злачынства» канфіскаваць, піша "Гомельская Вясна".