Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі апублікаваў справаздачу пра ГУБАЗіК

Цімур Казачэнка 18.11.2022

>

Справаздача называецца «ГУБАЗіК – карнае падраздзяленне рэжыму ў барацьбе з іншадумствам».

На 44 старонках сабраныя сведчанні грамадзян, якія пацярпелі ад катаванняў і жорсткага абыходжання ў сувязі з палітычнымі перакананнямі, і апісаны дзеянні гэтай арганізацыі (Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС РБ): палітычны сыск, затрыманні і выкраданні іншадумцаў, фальсіфікацыя крымінальных спраў, прымус да «пакаяння», пагромы пры вобысках і інш.

Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі (МКРКБ) зрабіў выснову аб тым, што катаванні, акты жорсткасці і іншыя дзеянні, якія здзяйсняюцца людзьмі з ГУБАЗіКа ў сувязі з палітычнымі перакананнямі грамадзян, ахопліваюцца складам злачынства, прадугледжанага артыкулам 128 Крымінальнага кодэкса РБ (злачынствы супраць бяспекі чалавецтва). Паводле артыкула 85 КК РБ, асобы, вінаватыя ў здзяйсненні гэтага злачынства, вызваленню ад крымінальнай адказнасці альбо пакарання ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўніны не падлягаюць.

У справаздачы таксама адзначана, што ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага крымінальнага права і часткай 3 артыкула 6 КК РБ крымінальная адказнасць паводле артыкула 128 КК РБ прымяняецца незалежна ад крымінальнага права, якое дзейнічала па месцы здзяйснення дзеяння. Гэта азначае, што асобы, якія здзейснілі злачынствы супраць бяспекі чалавецтва ў РБ, могуць быць прыцягнуты да адказнасці не толькі ў РБ, але і ў іншай краіне (прынцып універсальнай юрысдыкцыі).