У Светлагорску затрыманая праваабаронца Алена Маслюкова (дапоўнена)
Палеская Вясна
20.06.2020
Каля 18-й гадзіны ля пад'езда ўласнага дома ў Светлагорску супрацоўнікамі міліцыі затрыманая праваабаронца, кіраўніца Светлагорскай філіі праваабарончага цэнтру "Вясна", каардынатарка ініцыятыўнай групы, якая змагаецца за чыстае паветра ў Светлагорску, Алена Маслюкова.
Спачатку пра гэта паведаміў яе мужу Тэльману Маслюкову сусед, які стаў сведкам затрымання, а потым сама Алена выйшла на сувязь і паведаміла, што знаходзіцца ў РАУС.
"Я ў РАУС. Забралі каля пад’езда за ўчорашнюю акцыю", - паведаміла Алена Маслюкова.
На ўчорашняй акцыі "Ланцуг салідарнасці" ў Светлагорску начальнік Светлагорскага РАУС Аляксандр Зязётка пагражаў Алене Маслюковай затрыманнем.
Як пазней паведаміла Палескай вясне Алена Маслюкова, яна збіралася ісці на маніторынг мірнага сходу, які меўся зноў адбыцца каля гандлёвага цэнтру "Березки". Але як толькі яна выйшла з пад'езду, да яе падыйшлі трое супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, прад'явілі службовыя пасведчанні і літаральна запхнулі ў цывільны аўтамабіль. Алена запомніла прозвішча аднаго з тых, хто выконваў незаконны загад аб яе затрыманні - Анапрыенка.
Яе пратрымалі ў Светлагорскім РАУС роўна тры гадзіны, апытваючы наконт учорашняй акцыі. Пратакол яе апытання складаў міліцыянт Віталь Шуст у прысутнасці Аляксандра Пераведзенцава які раней складаў пратакол на Алену, паводле якога ёй прысудзілі штраф у 30 базавых вялічыняў. Каля 21 гадзіны яе завезлі ў райаддзел Камітэта судовых экспертыз, дзе зрабілі дактыласкапію. Пасля гэтага яе зноў прывезлі да пад'езда яе дома. Зараз Алена Маслюкова на волі.