У Светлагорску масава караюць людзей за салідарнасць з Сяргеем Ціханоўскім
Палеская Вясна
11.06.2020
Пасля
штотыднёвай акцыі па кармленні галубоў у Светлагорску, калі людзі выказваюць сваю
нязгоду з працай у горадзе экалагічна-шкоднага завода беленай цэлюлозы, якая
прайшла 31 траўня, супрацоўнікі міліцыі склалі пяць пратаколаў на чатырох
жыхароў горада.
Першы пратакол паводле артыкулу 23.34 КабАП склалі на
актывіста Сяргея Бяствіцкага. Ён не
прызнаў сваёй віны. Затым міліцыянты прыйшлі да Віктара Ахрамчука і склалі пратакол паводле таго ж артыкулу на яго.
Віктар патлумачыў, што ён сапраўды вырабіў плакат з надпісам «Свабоду Сяргею
Ціханоўскаму» і разгарнуў яго на акцыі на цэнтральнай плошчы Светлагорска 31 траўня.
Паводле словаў Віктара, ён такім чынам публічна выказаў сваё меркаванне, і гэта
ягонае неад’емнае права, якое дадзенае яму Канстытуцыяй і міжнароднымі
прававымі актамі. На Віктара Ахрамчука склалі яшчэ і другі пратакол за
разгортванне таго самага плакату каля гандлёвага цэнтру «Березки».
Таксама пратакол паводле таго ж артыкулу склалі на Вадзіма Паветку, які знаходзіўся побач
з разгорнутым плакатам. Вадзім падчас складання пратакола вырашыў ускарыстацца
правам не сведчыць супраць сябе і адмовіўся ад тлумачэнняў.
11 чэрвеня ў міліцыю выклікалі і кіраўніцу Светлагорскай
філіі праваабарончага цэнтру «Вясна», доўгатэрміновую назіральніцу ад кампаніі «Праваабаронцы
за свабодныя выбары» Алену
Маслюкову. На яе таксама склалі пратакол, у якім абвінавацілі ў здзяйсненні
правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 23.34 КабАП, бо яна «ажыццяўляла пікетаванне,
прысутнічаючы ў групе грамадзян з дэманстрацыяй асабіста вырабленым Ахрамчуком
транспаранта "Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”». Максімальнае пакаранне
паводле гэтага артыкулу – 15 содняў арышту.
«Асабіста мяне не першы раз пераследуюць
за ажыццяўленне свабодаў мірных сходаў і выказвання меркавання. Цяпер дабраліся
і да іншых актывістаў, якія маюць адрозны ад уладнага пункт гледжання. Асабліва
жорсткім стаў пераслед падчас выбарчай кампаніі і менавіта тых, хто салідарны з
арыштаваным у выніку правакацыі і прызнаным палітвязнем кіраўніком адной з
ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на кандыдацтва, вядомым блогерам Сяргеем
Ціханоўскім. Лічу гэтыя пратаколы і магчымыя зняволенні пасля іх разгляду ні
чым іншым, як палітычнымі рэпрэсіямі, скіраваным на запужванне і ўціск любой
грамадзянскай актыўнасці», – пракаментавала сітуацыю Палескай Вясне Алена Маслюкова.