Праваабаронцы і актывісту са Светлагорску прысудзілі па 30 базавых вялічыняў штрафу (дапоўнена)

Андрусь ГАЁВЫ 17.06.2020

17 чэрвеня прайшло судовае паседжанне па абвінавачванні праваабаронцы ПЦ «Вясна», доўгатэрміновай назіральніцы на выбарах ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Алены Маслюковай у парушэнні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства.


Алена МАСЛЮКОВА

Паводле пратаколу, складзенага на Алену Маслюкову супрацоўнікам Светлагорскага РАУС Александрам Пераведзенцавым, яна «ажыццяўляла пікетаванне, прысутнічаючы ў групе грамадзян з дэманстрацыяй асабіста вырабленым Ахрамчуком транспаранта "Свабоду Сяргею Ціханоўскаму”». Пры гэтым сама Алена кажа, што, хоць яна і падзяляе непакой светлагорцаў наконт экалагічнай сітуацыі і цалкам падтрымлівае тое, што было напісана на плакаце, разгорнутым на штонядзельнай акцыі кармлення галубоў, на плошчы яна ажыцяўляла маніторынг сустрэчы гараджан, як назіральнік.


Суддзя Галіна ГУЛЕВІЧ

Акрамя таго, як кажа Алена, у матэрыялах справы не было аніякіх доказаў яе вінаватасці. Падчас судовага паседжання, якое вяла суддзя Галіна Гулевіч, дэманстраваліся фотаздымкі і скрыншоты, якія нібыта мусілі нешта даказаць. Але на тых скрыншотах былі пасты з сацсетак Алены, якія прысвячаліся ранейшым акцыям па кармленні галубоў. А на фотаздымках Алена знаходзілася на ўскрайку плошчы і ні ў якіх актыўных дзеяннях удзелу не брала.


Алена Маслюкова падчас свайго выступу ў судзе звярнула ўвагу, што матэрыялы справы не ўтрымліваюць доказаў таго, што яна брала ўдзел у нейкай акцыі. Але ж, нават, калі лічыць, што сустрэча гараджанаў на плошчы – гэта несанкцыянаваная акцыя, удзельнікі яе карысталіся сваім правам на свабоду выказвання і свабоду мірных сходаў, прадстаўленым ім Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб палітычных правах.


Тым не менш, суддзя Галіна Гулевіч прыняла рашэнне аб тым, што Алена Маслюкова вінаватая ў парушэнні арганізацыі масавага мерапрыемства і пастанавіла пакараць яе штрафам у памеры 30 базавых вялічынь.  


У гэты ж дзень а 15 гадзіне пачаўся суд над светлагорскім актывістам Віктарам Ахрамчуком. Яго вінавацілі ў разгортванні плакату з надпісам «Свабоду Сяргею Ціханоўскаму» на плошчы ў Светлагорску і каля гандлёвага цэнтру «Березки» 31 траўня. Віктар прызнаў, што ён сапраўды намаляваў плакат і разгарнуў яго на цэнтральнай плошчы, каб выказаць сваю заклапочанасць лёсам блогера і актывіста.


«Ёсць міжнароднае заканадаўства, ёсць наша Канстытуцыя. І згодна з гэтымі падставовымі актамі я магу стаць і выказаць сваё меркаванне там, дзе лічу патрэбным, там, дзе мяне пачуюць і пабачаць найболей людзей, альбо тыя, каму я хочу данесці сваю думку. А міліцыя, павінна мяне ахоўваць, а не прыцягваць за гэта да адказнасці. Я 44 гады ўкалваў на заводзе, каб яны за гэта грошы атрымлівалі», – сказаў у сваім выступе ў судзе Віктар Ахрамчук.

Судзіла Ахрамчука таксама суддзя Галіна Гулевіч. Пасля 10-хвіліннага перапынку яна абвесціла вырак – прызнаць ахрамчука вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага часткай 1 артыкула 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства) і спагнаць з яго штраф у памеры 30 базавых вялічыняў. Нагадаем, што на цяперашні час гэта 810 рублёў.