«Абразілі прэзідэнта». У спіс палітзняволеных у верасні дададзены грамадзяне з Жыткавічаў і Рэчыцы

Цімур Казачэнка 27.09.2022

>

Сярод грамадзян з Гомельшчыны, якіх праваабаронцы ў верасні прызналі палітзняволенымі – Дзмітрый Крывулька з Жыткавічаў і Барыс Кайзер з Рэчыцы, якія знаходзяцца ў СІЗА ў Гомелі. Абодва яны асуджаны «за абразу прэзідэнта».

Дзмітрый Крывулька 19 жніўня асуджаны судом Жыткавіцкага раёна да 1,5 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта). Яго палічылі вінаватым у тым, што ён скапіраваў у інтэрнеце і размясціў ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» відэа, у якім журналісты іншай дзяржавы абмяркоўвалі палітычную сітуацыю, і, сярод іншага, выказваліся пра А. Лукашэнку. Справу разглядаў суддзя Аношка Аляксандр, дзяржаўны абвінаваўца – пракурор Рэчыцкага раёна Арцёменка Ігар. Пад варту жыхар Жыткавічаў быў узяты пасля абвяшчэння прысуду ў залі суда.

Былы работнік Рэчыцкага метызнага заводу Барыс Кайзер знаходзіцца ў зняволенні з дня абвяшчэння прыгавору 24 жніўня. Ён асуджаны судом Рэчыцкага раёна да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму на 1 год і 3 месяцы. Справу вёў суддзя Станіслаў Іванюценка. Прысуд быў вынесены паводле таго ж самага артыкула 368 КК. Прычынай стала  відэа, размешчанае ў чаце заводу. На відэа, якое было знята падчас сямейнага застолля, жыхар Рэчыцы выказаў меркаванне пра будучае паражэнне Расіі ва Украіне і асудзіў дзеянні А. Лукашэнкі.

У сумеснай заяве беларускіх праваабаронцаў, прынятай 8 верасня адносна гэтых і яшчэ 10 палітзняволеных, гаварыцца аб тым, што пазбаўленне волі грамадзян за абразу службовых асобаў з’яўляецца палітычна матываваным пераследам.

Даслаць паштоўку альбо ліст Д. Крывульку і Б. Кайзеру у цяперашні час можна на адрас: СІЗА-3, вул. Кніжная, 1А, г. Гомель, 246003. У гэтым СІЗА зараз знаходзяцца 102 палітзняволеных. У цэлым па Гомельскай вобласці іх налічваецца на сённяшні дзень 186, у краіне – 1343.

На здымку: Барыс Кайзер.