Прадказаў паражэнне Расеі: у Рэчыцы асудзілі работніка метызнага завода

Жорж Кунцэвіч 28.08.2022

>

Суд Рэчыцкага раёна 24 жніўня агучыў прысуд мясцоваму жыхару Барысу Кайзеру, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта па ч.1 арт 368 Крымінальнага кодэкса.

Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка. Мневіта гэты служка Феміды выносіў пастановы на ўдзельнікаў акцый пратэсту ў жніўні 2020 года ў Рэчыцы.

Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Падставай для крымінальнага пераследу з’явіўся відэаролік у працоўным чаце Рэчыцкага метызнага завода. На відэа, зробленае падчас сямейнага застолля Кайзер прадказаў паражэнне Расеі ў вайне і асудзіў дзеянні Лукашэнкі. Пазней запіс убачылі супрацоўнікі праваахоўных органаў і справу перадалі следчым.

Па інфармацыі «Флагштока», відэа апынулася ў сеціве выпадкова – яго загрузіла дачка абвінавачанага Станіслава, калі гулялася з татавым тэлефонам.

Суд прызнаў Барыса Кайзера вінаватым і пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на адзін год і 3 месяцы ў калоніі агульнага рэжыму.