Праваабаронцы
перакананыя, што суддзі проста выпраўляюць уласную блытаніну.
30 студзеня актывісту Беларускага нацыянальнага кангрэсу Уладзіміру Неўмяржыцкаму суддзя суда Мазырскага
раёна Дзмітрый Мазай, паводле
артыкула 23.34 прысудзіў
штраф за ўдзел у акцыях пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і
Расіі 20 і 21 снежня 2019 года ў Мінску.
Гэтае рашэнне актывіст абскардзіў у Гомельскім абласным
судзе. Суддзя Васіль Бягун пакінуў
рашэнне раённага суда без зменаў. Пры гэтым у сваім рашэнні Васіль Бягун доўга
апісваў дзеянні Неўмяржыцкага, але потым зрабіў выснову, што сукупнасць
доказаў дала падставы прызнаць вінаватым у здзяйсненні правапарушэння чамусьці Уладзіміра Няпомняшчых з Гомеля.
21 красавіка справу нечакана адправілі на новы разгляд у суд Мазырскага раёна. Уладзімір Неўмыржыцкі сам не мог зразумець, чым выкліканы новы перагляд у судзе першай інстанцыі. Але падчас паседжання высветлілася, што старшыня Гомельскага суда адмяніў рашэнне свайго падначаленага Васіля Бегуна і прыняў пастанову аб накіраванні справы зноў у суд Мазырскага раёна для разгляду іншым суддзёй.

Гэтым разам справу пераглядала суддзя Элеанора Ярмоленка. Яна адразу адхіліла
хадайніцтва Неўмяржыцкага пра тое, каб вяліся выдэаздымкі паседжання, а потым і
выдаліла з залы мясцовага відэаблогера ю-туб-канала «Мозырь для жизни», які працягваў
здымаць на тэлефон.
Неўмяржыцкі настойваў на тым, што права выказваць сваё
меркаванне мірным шляхам яму дае Канстытуцыя Беларусі і Міжнародны пакт аб
грамадзянскіх і палітычных правах, а абмежаванні, якія накладзеныя мясцовым законам
«Аб масавых мерапрыемствах» не падмацаваныя
неабходнасцю абароны дзяржаўных, грамадскіх цікавасцяў, абароны здароўя,
маральнасці грамадства і правоў іншых асобаў. Ён прасіў спыніць справу ў сувязі
з сыходам тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці.
Тым не менш, Элеанора
Ярмоленка прыняла рашэнне прызнаць актывіста вінаватым і зноў прысудзіць
Уладзіміру Неўмяржыцкаму штраф у тыя ж самыя 30 базавых вялічыняў, які раней
прызначыў суддзя Дзмітрый Мазай.
«Я – свабодны чалавек, і маю права выказваць свае меркаванні свабодна, не пытаючы ні ў каго на гэта дазволу. І я буду гэта рабіць, нягледзячы на карныя захады з боку дзяржавы», – пракаментаваў новы суд Уладзімір Неўмяржыцкі.

Уладзімір ЦЕЛЯПУН
На судовым паседжанні прысутнічаў праваабаронца, кіраўнік
Мазырскай філіі праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір
Целяпун. Ён жа дапамагаў Неўмяржыцкаму складаць скаргі па ранейшых прысудах
і абараняцца ў судзе. Апошняе паседжанне ён пракаментаваў наступным чынам:
«Суддзі з абласнога суда, якія ў выніку судовых канвеераў над удзельнікамі мірных сходаў без нармальнага разбіральніцтва панапісвалі бязглуздзіцы ў сваіх рашэннях, вырашылі выправіць уласныя памылкі і правесці новую серыю судоў па той самай справе. Пакуль не ведаю, ці будзе Уладзімір Неўмяржыцкі абскарджваць гэтае рашэнне, але тое, што яно незаконнае і антыдэмакратычнае – відавочна!»