«Трымаў у руках сцяг і крычаў “Жыве Беларусь”». У Мазыры актывіста аштрафавалі за ўдзел у мітынгу за незалежнасць Беларусі
Андрусь ГАЁВЫ
17.01.2020
Водгукі снежаньскіх акцыяў у Мінску супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй чутныя і ў Мазыры. Мясцоваму актывісту Уладзіміру Неўмяржыцкаму 17 студзеня ў судзе Мазырскага раёна прысудзілі штраф у 30 базавых вялічыняў.
Матэрыялы аб удзеле Уладзіміра Неўмяржыцкага ў мітынгах на Кастрычнікай плошчы сталіцы 20 і 21 снежня мінулага года ў Мазыр даслалі супрацоўнікі мінскага АМАП. Сярод іх рапарт камандзіра аддзялення, прозвішча якога суддзя Дзмітрый Мазай, які разглядаў справу па абвінавачванні Неўмяржыцкага ў правапарушэнні паводле артыкула 23.34 (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства), падчас зачытвання рапарта не назваў.
Суддзя Дмітрый МАЗАЙ
Ад гэтага рапарту і пачалася адміністрацыйная справа, якую падрыхтаваў участковы Мазырскага РАУС маёр міліцыі Андрэй Ляўданскі. У прыватнасці там згадана, што 20 снежня ад 18 гадзіны да 18.35 Неўмяржыцкі браў актыўны ўдзел у мітынгу на плошчы Кастрычніцкая, 1 у горадзе Мінску, дзе публічна заклікаў іншых грамадзянаў выступаць супраць інтэграцыі Беларусі і Расіі, трымаў у руках сцяг «Грамада» і выкрыкваў лозунг «Жыве Беларусь!». Тое самае напісанае і пра 21 снежня, але тады Неўмяржыцкі падтрымліваў незалежнасць сваёй краіны ад 14.00 да 15.50. На думку ўладаў такім чынам ён парушыў беларускі закон.
У сваіх тлумачэннях суду Уладзімір Неўмяржыцкі сказаў, што ён адкрыта і мірна выказваў сваё стаўленне да працэсаў перамоваў аб паглыбленні інтэграцыі Беларусі і Расіі, якія адбываюцца ў закрытым ад грамадскасці рэжыме і могуць скончыцца стратай суверэнітэту нашай краіны. Права такога адкрытага і мірнага выказвання свайго меркавання падчас мірных акцыяў пратэсту, на думку Неўмяржыцкага, дадзена яму Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, які, згодна з законам аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь, мае ў Беларусі вышэйшую сілу, ніж мясцовыя законы.
«Якую пагрозу мае дзеянні ўяўлялі, ці якую шкоду я сваімі гэтымі дзеяннямі нанёс дзяржаўнай бяспецы, здароўю і правам іншых грамадзян?», – запытаўся Уладзімір Неўмяржыцкі.
Суддзя Дзмітрый Мазай цікавіўся ў актывіста ці ведаў ён, што мітынг несанкцыянаваны. Той адказаў, што яго асабіста пра гэта ніхто не папярэджваў. На пытанне суддзі ці бачыў Неўмяржыцкі супрацоўнікаў міліцыі, якія папярэджвалі аб тым, што не варта ўдзельнічаць у несанкцыянаваным мітынгу, Уладзімір паведаміў, што там шмат хто хадзіў і выступаў, нават Дзед Мароз.
Падчас паседжання з залы выдалілі двух прысутных, якія прыйшлі падтрымаць актывіста, бо нібыта яны надта громка размаўлялі міжсобку.
Усё паседжанне цягнулася каля 20 хвілін. У выніку суддзя Мазай, не выходзячы з залы і не спыняючы паседжанне, абвясціў вырак – прызнаць Неўмяржыцкага парушальнікам артыкула 23.34 КабАП і спагнаць з яго штраф у 30 базавых велічынь, што зараз складае 810 рублёў.
«Я лічу, што суддзя Мазай сёння судзіў не мяне, а Канстытуцыю нашай краіны, паказаўшы, што тое, што там напісанае не варта ўспрымаць як сапраўды гарантаваныя правы», – пракаментаваў гэтае паседжанне Уладзімір Неўмяржыцкі.
Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ