Абласны суд паблытаў мазырскага актывіста з гомельскім
Палеская Вясна
26.02.2020
Актывіст з Мазыра Уладзімір Неўмяржыцкі атрымаў пастанову Гомельскага абласнога суда, які разгледзеў ягоную скаргу на рашэнне суда Мазырскага раёна, якім Неўяржыцкага аштрафавалі на 810 рублёў за ўдзел у акцыі супраць паглыбленай інтэграцыі Беларусі з Расіяй.
Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ ў судзе
Уладзімір Неўмяржыцкі даводзіў абласному суду, што суд у Мазыры, насуперак патрабаванням міжнароднага права абмежаваў ягонае права на свабоднае выказванне меркаванняў і свабоду ўдзелу ў мірным сходзе. Пры гэтым суд не матываваў гэтае абмежаванне меркаваннямі цікавасцяў дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва альбо абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.
У сваёй пастанове суддзя абласнога суда Васіль Бягун спаслаўся на прэамбулу закона Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах», дзе напісана, што гэты закон накіраваны на стварэнне ўмоваў для рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабодаў грамадзянаў, забеспячэння грамадскай бяспекі і парадку падчас правядзення гэтых мерапрыемстваў на вуліцах, плошчах ды ў іншых грамадскіх месцах. Гэта, на думку Васіля Бегуна, даказвае, што абмежаванні, усталяваныя нацыянальным законам «Аб масавых мерапрыемствах», адпавядаюць нормам міжнароднага права.
У пастанове цытуецца і Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах. Але ў цытатах адсутнічае фраза пра тое, што абмежаванні мусяць быць дапушчальнымі ў дэмакратычных грамадстве.
У адным з абзацаў пастановы суддзя Бягун сцвярджае, што сукупнасць доказаў дала падставы лічыць вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, якое прадугледжана ч. 1 арт. 23.34 КабАП, чамусьці ўжо не Уладзіміра Неўмяржыцкага з Мазыра, а У.М. Няпомняшчых (такое прозвішча мае адзін з актывістаў з Гомеля, якога таксама нядаўна штрафавалі за ўдзел у мірным сходзе). Відаць, падобныя пастановы суддзі проста перапісваюць са справы ў справу, змяняючы ў адпаведным файле толькі прозвішчы, і не разглядаючы сутнасць справы.
Пра гэта можа сведчыць таксама той факт, што суддзя Васіль Бягун у сваёй пастанове цалкам праігнараваў хадайніцтва Уладзіміра Неўмяржыцкага пра тое, каб прадаставіць растэрміноўку выканання пастановы па справе, бо памер штрафу больш як у тры разы перавышае памер пенсіі, якую атрымлівае актывіст.
У выніку суддзя Васіль Бягун не знайшоў падставаў для адмены рашэння суда Мазырскага раёна і пакінуў яго ў сіле.