Стала вядома, што праз памілаванне на волю выпусцілі каментатара-“тэрарыста” з Каленкавічаў
Андрусь ГАЁВЫ
21.08.2024
>
Прозвішча
каленкаўца падчас эфіру на прапагандысцкім тэлебачанні назваў Юрый Васкрасенскі,
заўважыла “Зеркало”.
Нібыта вызвалены палітзняволены жыхар Каленкавічаў Яўген Чуміла. Яго ў траўні 2022 года на
закрытым судовым пасяджэнні прызначаны Лукашэнкам на пасаду суддзі ў Гомельскі
абласны суд Руслан Царук загадаў
кінуць за краты, абвінаваціўшы паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Гэта “абраза прадстаўніка ўлады” (369), “абраза Лукашэнкі” (368), “распальванне
варажнечы” (130) і “абраза суддзі” (391). Праз закрытасць так званага суда
канкрэтны прысуд і акалічнасці абвінавачвання грамадству невядомыя.
Прычым, усе гэтыя нібыта злачынствы Чуміла здзейсніў,
рэалізуючы сваё права на свабоду выказвання меркаванняў, зафіксаванае артыкулам
19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Насамрэч, ён проста выказваў свае
думкі аб стаўленні да Лукашэнкі і ягоных памагатых у інтэрнэт-каментарах. 31
ліпеня 2023 года праваабарончая супольнасць Беларусі вызнала Яўгена Чумілу палітычным
зняволеным.
А Камітэт дзяржаўнай бяспекі ў верасні 2022 года ўнёс Яўгена Чумілу ў так
званы “Спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". Пры
гэтым нейкіх тлумачэнняў, якім чынам каментары ў інтэрнэце, нават, калі яны
сапраўды абражалі Лукашэнку і тых, хто дапамагае яму ўтрымліваць уладу, могуць
мець прыкметы тэрарызму, грамадскасці прадстаўлена не было.
Яўген Чуміла працаваў сістэмным адміністратарам у аддзеле
адукацыі Мазырскага райвыканкама. Каб яго затрымаць 11 кастрычніка
2021 года ў Мазыр на месца ягонай працы прыехалі некалькі карнікаў з Гомеля.
Але на працы яго не аказалася. Пазней, яго, усё ж, высачылі і затрымалі.
Яўгена Чумілу карнікі ўтрымлівалі ў зняволенні ў калоніі №
17 у горадзе Шклове Магілёўскай вобласці.