Удзельнікаў сустрэчы з Ціханоўскім у Мазыры пакаралі вялізным штрафам і працяглымі арыштамі
Андрусь ГАЁВЫ
11.05.2020
11 траўня прайшлі
судовыя паседжанні над затрыманымі 8 траўня жыхарамі Мазыра, якія ўдзельнічалі
ў сустрэчы з вядомым відэаблогерам Сяргеем Ціханоўскім, абвясціўшым пра намер балатавацца на
прэзідэнта.
Суды адбываліся ў адзін і той жа час у розных залах будынку
суда Мазырскага раёна. На думку кіраўніка Мазырскай філіі праваабарончага
цэнтру «Вясна» Уладзіміра Целепуна, гэта было
зроблена ў разліку на тое, каб актывісты і праваабаронцы, якія мелі намер
падтрымаць затрыманых сваёй прысутнасцю і назіраць за судовымі паседжаннямі, не
мелі магчымасці трапіць да ўсіх рэпрэсаваных.
Аўтара YouTube-каналу «Мозырь для жизни» Аляксандра Цуканава судзіў асабіста старшыня суда Мазырскага
раёна Анатоль Стрэльчанка. Пры гэтым
Цуканаў адмаўляўся падпарадкоўвацца патрабаванням Стрэльчанкі, адказваць на
ягоныя пытанні, тлумачачы, што дзеянні міліцыянтаў пры ягоным затрыманні былі гвалтоўнымі,
а дадзеная суддзі ўлада незаконная, чалавек жа на сваёй зямлі можа збірацца з
аднадумцамі і з апанентамі, разважаць, выказвацца, здымаць відэа без чыіхсьці
дазволаў. Каб прымусіць Аляксандра падпарадкоўвацца суддзі ў залу нават
выклікалі АМАП. У выніку Аляксандру Цуканаву прысудзілі 15 сутак арышту паводле
артыкула 23.34 за ўдзел у нібыта несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, і яшчэ
10 сутак арышту паводле артыкула 24.1 за
непавагу да суда. Агулам Аляксандр Цуканаў мусіць адбыць у вязніцы 25 сутак арышту.
Вячаслаў УДОВЕНКА (крайні злева ў чырвонай куртцы) падчас сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім у Мазыры.
Вячаслаў
Удовенка да сустрэчы з Ціханоўскім у нейкіх захадах грамадзянскай
актыўнасці заўважаны не быў. На сустрэчы з блогерам ён здымаў відэа на тэлефон.
Суддзі Элеаноры Ярмоленка, якая
разглядала ягоную справу, Удовенка патлумачыў, што, як бацька трох дзяцей, быў
моцна крануты магчымым лёсам наведвальнікаў цэнтру рэабілітацыі
дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў «Радуга», які мясцовыя ўлады вырашылі
ліквідаваць, і таму здымаў расповеды бацькоў наведвальнікаў для сябе. Сваю віну
ён прызнаў, сказаў, што не ведаў, што ў нашай краіне забаронена людзям сабрацца
на вуліцы і паразмаўляць пра свае справы. У выніку Элеанора Ярмоленка вынесла
вырак арыштаваць Вячаслава Удовенку на 10
сутак. Ён папрасіў жонку перадаць яму ў вязніцу Біблію.
Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ (на пярэднім плане), Аляксандр ЦУКАНАЎ (на другім плане з Канстытуцыяй). Ілюстрацыйнае фота.
Прадстаўніка Беларускага нацыянальнага кангрэсу ў Мазыры,
інваліда другой групы Уладзімера
Неўмяржыцкага прысудзілі да чарговага штрафу памерам 30 базавых велічыняў
(810 рублёў). Літаральна ў папярэднія месяцы яму ўжо прысуджалі два штрафы такога
самага памеру за ўдзел у снежаньскіх акцыях пратэсту супраць паглыбленай
інтэграцыі Беларусі з Расіяй, якія адбываліся ў Мінску.
Уладзімір
Целяпун, які назіраў за правядзеннем сустрэчы мазырчукоў з
Ціханоўскім, звятае увагу, што падчас сустрэчы прадстаўнікі ўладаў альбо карных
органаў не папярэджвалі, што гэты сход улады расцэньваюць як незаконнае несанкцыянаванае
масавае мерапрыемства, не заклікалі грамадзянаў разыйсціся. У сваю чаргу
ўдзельнікі не скандавалі ніякіх лозунгаў, не заміналі руху транспарту і
мінакоў, функцыянаванню аб’ектаў і інфраструктуры.
«Можна толькі
здагадвацца, якім чынам выбар каго арыштаваць трапіў на гэтых грамадзян. Мяркую,
што міліцыянтам нехта быў патрэбны, каб выслужыцца, паказаць сваю пільнасьць і
лаяльнасьць да вышэйшага кіраўніцтва, а таксама запужаць іншых жыхароў горада,
што так будзе з кожным, хто наважыцца ў гэтай краіне адкрыта выказваць уласную
пазіцыю», - робіць выснову праваабаронца.