У Мазыры затрымліваюць людзей, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы з Сяргеем Ціханоўскім (ДАПОЎНЕНА)
Палеская Вясна
09.05.2020
Як паведаміў кіраўнік Мазырскай філіі праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Целяпун, у райцэнтры затрыманыя самамала два чалавекі, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.
Дакладна вядома, што затрыманы аўтар Youtube-канала "Мозырь для жизни" Аляксандр Цуканаў, а таксама Вячаслаў Удавенка, які выказваўся ў відэа, знятым Ціханоўскім каля цэнтра рэабілітацыі інвалідаў "Радуга".
З вечара 8 траўня немагчыма звязацца з прадстаўніком БНК у Мазыры Уладзімірам Неўмяржыцкім. Праваабаронцам пакуль не ўдалося даведацца месца яго знаходжання і ці затрыманы ён. Неўмяржыцкі таксама браў удзел у сустрэчы з Ціханоўскім каля "Радугі" і выказваў у відэа сваё стаўленне да намеру ўладаў закрыць цэнтр.
ДАПОЎНЕНА: Каля 18-й гадзіны Мазырскі РАУС пацвердзіў, што Уладзімір Неўмяржыцкі таксама затрыманы і знаходзіцца ў ІЧУ Мазырскага РАУС.
Вядомы відэаблогер Сяргей Ціханоўскі напярэдадні абвяшчэння аб пачатку кампаніі па выбарах прэзідэнта заявіў пра свой намер стаць кандыдатам на прэзідэнта. Перад тым ён быў затрыманы і змешчаны ў ІЧУ ў Гомелі адбываць вынесены яшчэ ўзімку арышт. Пасля заявы Ціханоўскага ў розных гарадах пачаліся масавыя затрыманні ягоных прыхільнікаў і ўдзельнікаў сустрэчаў з ім. Праваабаронцы адсочваюць сітуацыю ў Мазыры ды іншых гарадах.