Камітэт ААН па правах чалавека патрабуе ад ураду Беларусі апраўдацца за штрафы актывістам з Мазыра і Калінкавічаў

Палеская Вясна 29.02.2020

У Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістраваныя скаргі актывістаў на тое, што ўлады Беларусі безпадстаўна абмежавалі іхняе права на выказванне меркаванне і свабоду мірных сходаў, паведамляе Гомельская Вясна.

У жніўні 2018 года Уладзімір Неўмяржыцкі з Мазыра і Тамара Зайцава з Калінкавічаў удзельнічалі ў мірным сходзе каля Дома правасуддзя ў Мінску, пад час якога выказвалі пратэст супраць судовага пераследу лідараў незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча і Ігара Комліка. Тады іх затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У выніку Тамары Зайцавай беларускі суд прысудзіў 25 базавых вялічыняў штрафу, а Уладзіміру Неўмяржыцкаму – 40 базавых. Абскарджванне такога рашэння на нацыянальным узроўні аніякіх вынікаў не прынесла. Менавіта таму актывісты і звярнуліся ў міжнародную інстанцыю.

Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ ў судзе

28 лютага офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека праінфармаваў гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку пра тое, што Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў скаргі Уладзіміра Неўмяржыцкага і Тамары Зайцавай на ўлады Беларусі. Скаргі накіраваныя ўладам нашай краіны, ад якіх патрабуюцца тлумачэнні таго, што дало падставы для пераследу ўдзельнікаў мірнага сходу.   

Тамара ЗАЙЦАВА

Варта адзначыць, што 17 студзеня суд Мазырскага раёна аштрафаваў Уладзіміра Неўмяржыцкага на 30 базавых вялічыняў за выказванне свайго меркавання наконт магчымай паглябленай інтэграцыі Беларусі і Расіі падчас мірных сходаў 20 і 21 снежня 2019 года ў Мінску. А  19 лютага 2010 года Гомельскі абласны суд не задаволіў скаргу Неўмяржыцкага на такое рашэнне і пакінуў штраф у сіле.

У той жа час Мінскі гарадскі суд 25 лютага адмяніў рашэнне суда Фрунзенскага раёна Мінска аб спагнанні з Неўмяржыцкага штрафу, роўнаму ўсё тым а 30 базавым вялічыням. Тут суддзя абласнога суда не прызнаў довады скаргі абгрунтаванымі, але ж заўважыў, што пратакол на Неўмяржыцкага быў складзены за правапарушэнне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 23.34, а разглядалася справа па абвінавачванні Неўмяржыцкага ў парушэнні, прадугледжаным часткай 3 таго ж артыкула. За якое ж канкрэтнае правапарушэнне яго ў выніку прыцягнулі да адказнасці ў пастанове суда першай інстанцыі ўвогуле не пазначана. Таму справу даручана перагледзець больш кампетэнтнаму суддзі.