Арыштаваны ў Калінкавічах Аляксандр Елісееў абвесціў галадоўку

Палеская Вясна 22.02.2022

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі, затрыманы ў Калінкавічах пасля наведвання дыялогавай пляцоўкі аб рэферэндуме, на якой былі ўлады раёна, абвінавачаны ў дробным хуліганстве.

Аляксандр ЕЛІСЕЕЎ.

Набліжаныя да ўладаў каналы 21 лютага паведамлілі, што Аляксандра Елісеева, якога затрымалі 19 лютага з удзелам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Калінкавіцкага РАУС Станіслава Расошкі, утрымліваецца за кратамі паводле абвінавачвання ў дробным хуліганстве.

Чалавек, які выйшаў з ІЧУ 21 лютага, паведаміў сваяку Аляксандра Елісеева, што той абвесціў у вязніцы галадоўку. Паслугачы рэжыму Лукашэнкі з ліку ахоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання Калінкавіцкага РАУС адмовіліся прымаць для Елісеева перадачу, якую спрабаваў перадаць ягоны родзіч.

7 жніўня 2020 года, падчас датэрміновага галасавання на выбарах прэзідэнта Аляксандра Елісеева таксама затрымалі адразу па выхадзе з тэрыторыі школы № 6, у якой месціўся выбарчы ўчастак, дзе Елісееў назіраў за ходам галасавання як акрэдытаваны, але не дапушчаны старшынёй участковай выбарчай камісіі ў памяшканне для галасавання назіральнік. І таксама, як і цяпер, тады Елісеева абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Пасля вызвалення людзей, затрыманых на вуліцах і плошчах Калінкавічаў 9, 10 і 11 жніўня, і выбачэнняў міністра МУС Караева за гвалт супраць народа, прадстаўнікі супольнасці жыхароў Калінкавічаў хадзілі да начальніка Калінкавіцкага РАУС  Дзяніса Ката з патрабаваннем вызваліць Елісеева. Тады Кот паказваў прадстаўнікам жыхароў горада справу Елісеева, дзе былі заявы ад чальцоў раённай выбарчай камісіі, на пасяджэнне якой ён спрабаваў быў прайсці, здымаючы сваю спробу на відэа, але яго не пусцілі. Менавіта гэта тады расцанілі як абразлівае чаплянне да грамадзян – дробнае хуліганства.

Старшыня раённай выбарчай камісіі Алена ДЗЯРГАЧ і былы старшыня райсавета дэпутатаў Віктар ЗАМОСЦІК не прапускаюць Аляксандра ЕЛІСЕЕВА на паседжанне раённай выбарчай камісіі. 2020 год. 

Відавочна, цяпер абразіўся непасрэдна старшыня Калінкавіцкага райвыканкама Сяргей Гвоздзь, якому на так званай дыялогавай пляцоўцы аб зменах у Канстытуцыю Елісееў задаваў пытанне аб паўнамоцтвах так званага Усебеларускага народнага сходу, які прапануецца стварыць у якасці сталага органа ўлады.