У Мазыры міліцэйская начальніца, якая ў 2020-м катавала затрыманых, пахвалілася выкарыстаннем прымусовай працы вызваленых з вязніцаў

Андрусь ГАЁВЫ 31.07.2024

>>

Людзей, якія выйшлі з месцаў несвабоды, прымушаюць ставаць на асаблівы ўлік у адмысловую міліцэйскую інспекцыю. У Мазыры гэтая інспекцыя прыцягнула былых вязняў да бясплатнай працы па расчыстцы тэрыторыяў ад ветравальных дрэваў.

Мазырскае дзяржаўнае прапагандысцкае выданне “Жыццё Палесся” змясціла нататку пра хаду ліквідацыі наступстваў урагану, што прынёс шкоду некалькім раёнам Гомельскай вобласці ў пачатку ліпеня. У матэрыяле змешчаная навіна ад начальніцы крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мазырскага РАУС маёркі міліцыі Ірыны Куліковай.

Яна паведаміла, што да працаў у ліквідацыі наступстваў непагадзі актыўна прыцягваюцца асобы, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі. А гэта людзі, якія прайшлі лукашэнкаўскія вязніцы, адбыўшы прызначаныя карнымі структурамі Беларусі тэрміны пазбаўлення волі.

Былыя вязні, выведзеныя на расчыстку завалаў. Фота: mazyr.by. 

Паводле інфармацыі, пашыранай прапагандыстамі, былыя зняволеныя працавалі на расчыстцы паваленых дрэваў у парку Мазыра, а таксама ў адным з двароў горада і на дарозе, якая вядзе з вуліцы Фрунзэ да вуліцы Ленінскай.

У артыкуле ад імя нейкага Арцёма, які нібыта з лёгкасцю грузіў цяжкое бярвенне ў спякотнае надвор’е, сказана, што ён з радасцю адгукнуўся на прапанову дапамагчы камунальнікам.

Вядомы гомельскі праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка, летась па вызваленні з калоніі № 3 “Віцьба” каля Віцебска прыехаў дадому і мусіў таксама стаць на ўлік у падобную крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Вось што ён распавядаў пра свой досвед зносінаў з такімі інспектарамі:

Калі я вызваліўся, быў шок. Я нават не ведаў, у які бок рухацца і што рабіць. Я стаў на ўлік у міліцыі — кожны пасля вызвалення мусіць цягам трох дзён стаць — і даведаўся, што па нядзелях трэба хадзіць на прафілактычныя мерапрыемствы. Напрыклад, нам паказвалі фільмы пра наркаманаў. Было человек сорак. І пяць гадоў чатыры разы на месяц трэба хадзіць на прагляды.
Але да мяне была падвышаная цікаўнасць: міліцыя прыязджала па два разы на дзень. Паглядзеў фільм — увечары прыязджаюць дадому, пад відэарэгістратарам: «Распішыцеся, што мы да вас прыехалі, і вы дома». Стаўлю дату, час і подпіс. Кажуць: «Мы да вас і ўначы можам прыехаць». У мяне даведка аб вызваленні, я думаў, што адбыў тэрмін — а аказваецца, што не. Як жыць у такім рэжыме? Зразумеў, што тым, чым я займаўся, я больш займацца не змагу. Я выйшаў з турмы — у турму. Як жыць у такім рэжыме?

Высвятляецца, што да вызваленых з вязніцаў людзей не толькі падвышаная ўвага карных структураў. Іх гэтыя структуры яшчэ і прыцягваюць да прымусовай працы. Бо заклікі дапамагаць у расчыстцы буралому гучалі адкрыта да ўсіх жыхароў пацярпелых раёнаў. Але, калі людзей на такія працы прывяла начальніца крымінальна-выканаўчай інспекцыі, то ўзнікаюць абгрунтаваныя сумневы ў дабраахвотнасці ўдзелу гэтых людзей у такіх працах.

Прымусовая праца забароненая міжнароднымі канвенцыямі, удзельніцай якіх з’яўляецца і Беларусь. Але і тут фактычныя ўлады краіны не выконваюць узятыя на сябе абавязальніцтвы.

Таксама варта ўзгадаць, што ў жніўні 2020 года менавіта ў памяшканні крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мазырскага РАУС ажыццяўляліся самыя жорсткія катаванні затрыманых удзельнікаў мірных сходаў.

____________________

Чытайце таксама:

«А цяпер вядзіце сабак!» Жыхар Калінкавічаў распавёў пра катаванні ў мазырскай міліцыі

____________________

Жыхара Каленкавічаў Уладзіміра Піліпейку ў жніўні 2020 года жорстка збівалі і запалохвалі ў нейкім кабінеце будынку крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мазырскага РАУС. Ён сведчыў адразу пасля тых катаванняў, што ў тым кабінеце знаходзілася жанчына ў званні маёра, якая кіравала збіццём і сама наносіла ўдары, а таксама хадзіла ў чаравіках на вузкіх абцасах па спіне Уладзіміра.

Ірына КУЛІКОВА ў працоўным кабінеце. Скрыншот відэа ТК "Мозырь".

У выніку тых катаванняў Уладзімір атрымаў чэрапна-мазгавую траўму, страсенне мазгоў і гематомы. Следчы камітэт адмовіўся расследаваць ягоны выпадак і пазней пачаў пераследаваць самога Уладзіміра. Яго тэрмінова давялося эвакуяваць з Беларусі ў адну ў еўрапейскіх краінаў, дзе ён праходзіў працяглае лекаванне і рэабілітацыю.

Палеская Вясна звязалася з Уладзімірам і спытала, ці не падобная жанчына, якую піяраць мазырскія дзяржСМІ і якая выганяе былых вязняў на прымусовыя працы, на тую жанчыну, якая катвала яго ў 2020-м. Уладзімір адказаў, што гэта дакладна тая жанчына, якую ён заўважыў, калі яго кідалі тварам у падлогу менавіта ў тым самым памяшканні.

“Я гэтыя даўгія валасы і голас, і гэты абшалёваны кабінет буду памятаць да канца жыцця”,

– сказаў Уладзімір Піліпейка.

Пра катаванні ў памяшканні крымінальна-выканаўчай інспекцыі Мазырскага РАУС сведчыў і іншы затрыманы ў жніўні 2020-га – 54-гадовы на той час Юрась Чаранкоў. Там мазырскія міліцыянты катавалі і яго і ягоную жонку – настаўніцу матэматыкі аднае з мазырскіх школ. Прычым Юрась Чаранкоў таксама ўзгадвае жанчыну, якая ўдзельнічала ў збіцці затрыманых.

Да цяперашняга часу застаецца актуальнай праблема беспакаранасці ўдзельнікаў сур’ёзных злачынстваў з боку ўлады. І менавіта, адчуваючы сваю беспакаранасць, яны і надалей чыняць сваволю над людзьмі, над якімі маюць уладу.