Жыхара Рэчыцы, якога не змаглі засудзіць за фотаздымак са 100-годдзя БНР, прымусілі звольніцца з аб’яднання “Беларусьнафта”
Палеская Вясна
25.07.2021
>
Рэчыцкія
міліцыянты двойчы складалі пратаколы аб пікетаванні на рэчычаніна. У таго на
асабістай старонцы ў сацсетцы Аднакласнікі быў змешчаны фотаздымак са
святкавання 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Святкаванне
адбывалася ў 2018 ў Мінску каля Опернага тэатра і было афіцыйна дазволена
ўладамі. Але за два дні да мінавання тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай
адказнасці на судовым паседжанні апошні варыянт справы быў зноў адпраўлены на
дапрацоўку і больш у суд не вярнуўся.
Аляксандр РЫБЧАНКОЎ на святкаванні 100-годдзя БНР у Мінску.
Не здолеўшы прыцягнуць Аляксандра Рыбчанкова да адміністрацыйнай адказнасці, улады
вырашылі не спыняцца ў сваім імкненні адпомсціць рэчычаніну за ягоную павагу да
нацыянальнай гісторыі і наяўнасць уласнага меркавання.
Палескай Вясне 15 ліпеня стала вядома, што Аляксандра Рыбчанкова
прымусілі звольніцца з пасады вядучага інжынера нафтагазаздабываючага
ўпраўлення “Рэчыцанафта”. Як сказаў кіраўнік прадпрыемства, заяву на звальненне
паводле пагаднення бакоў Аляксандр Рыбчанкоў павінен быў напісаць за тое, што
ён “супрацоўнічае з дэструктыўнай апазіцыяй”, хоць нейкага правапарушэння ў
ягоных дзеяннях міліцыя і не змагла даказаць.
Аляксандр Рыбчанкоў выказаў здагадку, што менавіта
праваабрончы сайт Палеская Вясна, якому ён распавядаў сваю гісторыю,
нафтавікоўскія кіраўнікі ў Рэчыцы палічылі гэтай самай “дэструктыўнай
апазіцыяй”. Бо ў нейкіх дзеяннях палітычных апазіцыйных арганізацыяў ён удзелу
не браў.
Аляксандр Рыбчанкоў з’яўляеца высокакласным спецыялістам-супервайзерам.
Некалькі гадоў таму яго адмыслова запрасілі ў аб’яднанне “Беларуснафта” пасля
працяглай працы ў адным з прадпрыемстваў на расійскай поўначы.