Рэчыцкія міліцыянты перасклалі пратакол за фота з БНР-100

Палеская Вясна 02.06.2021

Адміністрацыйную справу, складзеную прыначы 16 траўня лейтэнантам Багданам Ніслоўскім, суд вярнуў на дапрацоўку нават не прызначыўшы судовага разбіральніцтва. Цяпер «пікетам» праз фота трохгадовай даўніны ў Аднакласніках заняўся цэлы маёр.


1 чэрвеня жыхара Рэчыцы Аляксандра Рыбчанкова выклікалі ў Рэчыцкі РАУС да ўчастковага інспектара міліцыі маёра Вадзіма Шурмеля. Як распавёў Палескай Вясне Аляксандр Рыбчанкоў, пытанні, якія задаваў маёр, былі прыкладна тыя самыя, што і ў лейтэнанта. Праўда, на тлумачэнне Рыбчанкова пра тое, што 25 сакавіка 2018 года ў скверы каля опернага тэатра ў Мінску праходзіла дазволенае ўладамі святкаванне 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, маёр Шурмель сцвярджаў, што ён знайшоў у інтэрнэце інфармацыю, што яно не было ўзгоднена з уладамі.

Маёр Шурмель зноў склаў пратакол, абвінаваціўшы ў ім Рыбчанкова ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Сваімі дзеяннямі, на думку Шурмеля, Рыбчанкоў выказваў свае грамадска-палітычныя інтарэсы без узгаднення з Рэчыцкім райвыканкамам, што, як лічыць супрацоўнік МУС, незаконна.  

Яшчэ ў 2018-м годзе рэчычанін Аляксандр Рыбчанкоў змясціў на аватары сваёй старонкі ў сацсетцы Аднакласнікі здымак, зроблены на святкаванні 100-годдзя БНР, якое праводзілася на пляцоўцы ў скверы каля Нацыянальнага Вялікага тэатра оперы і белту Беларусі 25 сакавіка 2018 года. Але ў 2021 годзе рэчыцкія міліцыянты палічылі гэта несанкцыянаваным пікетаваннем і лейтэнант Багдан Ніслоўскі 16 траўня склаў на Рыбчанкова пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 24.23 КабАП.