>
Размяшчэнне фотаздымка на фоне
нацыянальных сцягоў, зробленага 25 сакавіка 2018 года ля Опернага тэатра ў
Мінску, рэчыцкі ўчастковы палічыў адзіночынм пікетаваннем.
Позна ўвечары 16 траўня да жыхара Рэчыцы Аляксандра Рыбчанкова прыйшоў участковы міліцыянт лейтэнант Багдан Ніслоўскі. Ён паведаміў, што ў РАУС ажно з Міністэрства ўнутраных справаў прыйшла папера, згодна з якой у нейкі з РАУСаў Беларусі нібыта паступіў ананімны данос на Рыбчанкова за подпісам «Роман Винни-Пух». Ананім паведаміў, што знайшоў у сацсетцы Аднакласнікі фотаздымак у профілі Аляксандра Рыбчанкова з выявай бел-чырвона-белых сцягоў.
На пытанні Ніслоўскага Рыбчанкоў патлумачыў, што гэтае фота было зробленае яшчэ тры гады таму на афіцыйна дазволеным мерапрыемстве, якое праходзіла ў Мінску каля Нацыянальнага Вялікага тэатру оперы і балету 25 сакавіка 2018 года ў гонар 100-годдзя заснавання Беларускай Народнай Рэспублікі. А фота на свой аватар у сацсетцы Аднакласнікі ён паставіў у ліпені 2018 года. Ніякага дачынення да леташніх альбо сёлетніх пратэстаў здымак не мае.
Тлумачэнні Аляксандра Рыбчанкова, запісаныя ў пратакол апытання.
Тым не менш,
участковы Багдан Ніслоўскі склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні,
прыйшоўшы да высновы, што «26.04.2021 года гражданин Рыбченков А.В., находясь по адресу […] с целью
выражения (публичного выражения) своих общественно-политических интересов, провёл одиночное пикетирование, путем размещения фото в профиле сети «Одноклассники» с изображением флага бело-красно-белой
расцветки для демонстрации гражданам, на проведение которого не было получено
соответствующее разрешение Речицкого райисполкома, чем нарушил порядок
пикетирования, установленный статьей 10 Закона РБ «О массовых мероприятиях» №
114 З от 30.12.1997 г.». (мова, стылістыка і пунктуацыя аўтара пратакола
захаваныя).
«Для мяне стаўся нечаканасцю візіт міліцыянта, бо я не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. І гэтае фота я размясціў яшчэ ў 2018-м годзе, а не 26 красавіка 2021, як напісаў міліцыянт у пратаколе. Дату размяшчэння добра бачна пад фота ў сацсетцы. Тым не менш, аказваецца цяпер нават запіс трохгадовай даўніны на сваёй уласнай старонцы ў сацсетцы, дзе маецца фота, на якое трапілі бел-чырвона-белыя сцягі, улады лічаць несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. Мне цяжка ўявіць да якога яшчэ маразму могуць такім чынам дадумацца тыя, хто паўсюль шукае ворагаў», – адрэагаваў на сітуацыю Аляксандр Рыбчанкоў.
Кіраўнік Рэчыцкай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі называе складанне
пратаколу за фота ў сацсетцы, ды яшчэ і з санкцыянаванага мерапрыемства, з
аднаго боку анекдатычным, а з іншага паказальным, якое яскрава ілюструе
цяперашні стан прававой сістэмы ў краіне, акрэслены Лукашэнкам, як «не да законаў»:
«Нацыянальны сцяг для многіх беларусаў на працягу больш як стагоддзя з'яўляецца каштоўнасцю. І вінаваціць за фотаздымкі з ім у правапарушэннях – гэта нават звычайнай логіцы не паддаецца. У інтэрнэт выкладзеныя таксама выявы Лукашэнкі на фоне бел-чырвона-белага сцягу, зробленыя ў 1994-м годзе. Ён тады пад ім стаяў, нехта пазней. Гэтыя ўсе здымкі – пікетаванні? Зрэшты, артыкул 33 Канстытуцыі дае права кожнаму свабодна выказваць свае думкі і меркаванні. І, у адрознне ад артыкула 35, пра свабоду мірных сходаў, які прадугледжвае, што парадак іх ажыццяўлення рэгулюецца законам, 33-і артыкул аніякага рэгулявання свабоды выказвання меркаванняў нейкімі ніжэйшымі за Канстытуцыю законамі не прадугледжвае», – лічыць праваабронца.