У Рэчыцы суддзя другі раз адправіла на дапрацоўку справу за «пікет» праз здымкі з БНР-100

Андрусь ГАЁВЫ 23.06.2021

>

Магчыма, гэтая справа ўжо не вернецца з РАУС.

21 чэрвеня ў судзе Рэчыцкага раёна суддзя Марына Кацуба разгледзела адміністрацыйную справу, дзе вядучаму інжынеру прадпрыемства «Беларусьнафта» Аляксандру Рыбчанкову ставілася ў віну тое, што ён правёў адзіночнае пікетаванне без дазволу райвыканкама і гэтым парушыў парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў. «Пікетаванне» палягала ў тым, што ў 2018 годзе Рыбчанкоў змясціў у сваім профіле фотаздымкі з выявамі нацыянальных сцягоў, зробленыя на афіцыйна дазволеным святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.


Справай займаліся ажно два міліцыянты. Спачатку ў акалічнасцях здзейсненага Рыбчанковым разбіраўся звычайны ўчастковы інспектар міліцыі – капітан Багдан Ніслоўскі. Менавіта ён, імаверна, усебакова ўзважыўшы ўсе здабытыя ў справе доказы, першым прыйшоў да высновы, што Рыбчанкоў сваімі фотаздымкамі трохгадовай даўніны правёў недазволенае райвыканкамам пікетаванне. Юрыдычныя пазнанні капітана Ніслоўскага дазволілі  звярнуць асаблівую ўвагу ў выніковым пратаколе на тое, што на здымках «для демонстрации гражданам» было выстаўленае не абы-што, а «изображение флага бело-красно-белой расцветки»!

Але, калі справа, складзеная Ніслоўскім, паступіла ў суд, дык суддзя Кацуба, нават не прызначаючы яе да разгляду, адправіла яе назад у РАУС на дапрацоўку, бо выкрыла ў ёй шмат неадпаведнасцяў патрабаванням.

Другую спробу сфабрыкаваць супраць Рыбчанкова справу з абвінавачваннем у пікетаванні даручылі ўжо больш абазнанаму у палітычна матываваным пераследзе беларусаў старшаму ўчастковаму інспектару міліцыі – цэламу маёру Вадзіму Шурмелю. Ён больш грунтоўна падыйшоў да пошуку новых доказаў на карысць нібыта «віны» Рыбчанкова. Нарабіўшы скрыншотаў з розных расійскіх сайтаў, кшталту Известия і РИА Новости, пра тое, што 25 сакавіка 2018 года ў Мінску кагосьці затрымлівалі на нейкім шэсці ды яшчэ і вылучыўшы там словы «несанкционированное», «задерживали» памаранчавым маркерам, падшыў здабытыя «улики» ў справу.

Праўда, Рыбчанкоў на гэта прадставіў Шурмелю копію дазволу Мінгарвыканкаму на правядзенне мітынгу і канцэрта ля Опернага тэатра і свае скрыны навінаў пра святкаванне. Але Вадзім Шурмель без ценю сумневу ў вінаватасці Рыбчанкова амаль што перапісаў пратакол, напісаны Ніслоўскім, больш чытабельнымі літарамі і зноў накіраваў справу ў суд.  

Гэтым разам суддзя Марына Кацуба прыняла да разгляду сумесную творчасць міліцыянтаў. Але сам разгляд аказаўся непрацяглым. Рыбчанкоў у сваім тлумачэнні звярнуў увагу, што пікетаванне, нават паводле прыдуманага рэжамам Лукашэнкі закона аб масавых мерапрыемствах, мае пад сабой выказванне нейкіх інтарэсаў па нейкіх праблемах. А ў матэрыялах справы не ўказана, якія ж інтарэсы і па якіх праблемах ён выказаў, размясціўшы фотаздымкі. Рыбчанкоў патлумачыў, што змясціў фота пад уражаннем ад гістарычнай падзеі, у святкаванні якой узяў удзел. Гэта ён не лічыць пікетаваннем і не лічыць неабходным браць дазволы ў органаў улады на тое, каб размяшчаць ва ўласным профілі ў сацсетках нейкія выявы. Рыбчанкоў папрасіў спыніць пераслед яго ў сувязі з адсутнасцю ў ягоных дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння.

Марына Кацуба, досыць шпарка зачытаўшы пісьмовыя матэрыялы справы, амаль адразу ж вынесла пастанову: адміністрацыйную справу вярнуць органу, які вёў адміністрацыйны працэс, у сувязі з выкрытымі ў матэрыялах недахопамі.   

Калі лічыць, што дзеянні Рыбчанкова – сапраўды правапарушэнне, ды яшчэ і працяглае, як гэта тлумачыў лейтэнант Ніслоўскі, выкрытае яно было 26 красавіка і ад гэтай даты мусіць адлічвацца тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання. А ён складае 2 месяцы і мінае 26 чэрвеня. Ці паспеюць міліцыянты выправіць выкрытыя суддзёй недахопы ў справе і накіраваць яе на новы разгляд – невядома. Магчыма, абсурднасць абвінавачванняў стала нарэшце відавочнаю для карных органаў і справа папросту знікне?