У Мазыры затрымалі яшчэ аднаго футбольнага заўзятара, якога абвінавацілі ў «масавых беспарадках» у жніўні 2020 года
Палеская Вясна
11.06.2021
Сілавікі прымусілі маладзёна пад
відэазапіс прызнавацца, што ён з іншымі заклікалі ісці біць міліцыянтаў і кідалі
камяні ў машыны міліцыі. Відэа выклалі ў агульны дасяг на YouTube-канале Гомельскага абласнога УУС.
Скрын-шот з відэа УУС Гомельскага аблвыканкама.
Паводле свярджэнняў
МУС, затрыманы 20-гадовы хлопец у жніўні мінулага года разам з іншымі «радыкальна наладаванымі жыхарамі горада» закідаў камянямі міліцэйскія аўтамабілі. Дата, калі гэта
адбылося, у міліцэйскім відэа і паведамленні ў тэлеграм-канале МУС, старанна не
называецца, гаворыцца толькі пра «падзеі з 9 па 13 жніўня».
У той жа
час, ні 9, ні 10 жніўня, калі людзі збіраліся на плошчы Леніна ў цэнтры Мазыра,
ніхто агрэсіі да прадстаўнікоў органаў унутраных справаў не праяўляў. Наадварот
– людзі выкрыквалі лозунг «Міліцыя з народам!». Але ў выніку сілавікі ўжылі жорсткае збіццё і масавыя
затрыманні да мірных пратэстоўцаў. Пазней стала вядома, што ў памяшканнях
Мазырскага РАУС да затрыманых ужываліся
катаванні. 11 жніўня, калі ўвесь горад ужо гаварыў пра надзвычайную
жорсткасць сілавікоў на плошчы Леніна, а вялікая колькасць міліцыянтаў і
вайскоўцаў унутраных войскаў зноў пачала агрэсіўныя дзеянні да мірных пратэстоўцаў
на бульвары Юнацтва, некаторыя маладзёны паспрабавалі былі даць ім адпор, каб
пазбегнуць затрымання і здзекаў у РАУС. Менавіта гэтым эпізодам аперуюць цяпер
сілавікі, называючы яго масавымі беспарадкамі. У лістападзе 2020 года за кінутыя
ў бок аўтамабіля унутраных войскаў камяні асудзілі дваіх падлеткаў.
У
апублікаваным YouTube-каналам Гомельскага абласнога УУС відэа закадравы голас
задае затрыманаму хлопцу наводзячыя пытанні, на якія той у большасці выпадкаў
адказвае толькі «так». Паведамляецца, што знайшлі хлопца
супрацоўнікі абласнога ГУБАЗіК.
МУС таксама паведамляе,
што затрыманы маладзён прызнаны падазраваным у справе аб здзяйсненні групавых
дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым
непадпарадкаваннем патрабаванням прадстаўнікоў улады.
Як удалося
даведацца Палескай Вясне, затрыманага зваць Аляксандр Цімашэнка. Ён сапраўды ўдзельнічае ў супольнасці
заўзятараў мазырскага футбольнага клубу «Славія». Дзе ён цяпер утрымліваецца і які
ягоны стан пакуль невядома.