Два гады абмежавання волі за адно слова ў інтэрнэт-каментары. Вынік суда ў Светлагорску за абразу міліцыянта

Андрусь ГАЁВЫ 11.06.2021

>

У Светлагорску абвясцілі прысуд у справе пра абразу міліцыянта, за абразу якога раней ужо асудзілі прызнанага палітвязнем светлагорца.

Жыхар Светлагорска Аляксандр Юніцкі ў жніўні мінулага года ў сацсетцы Аднакласнікі напісаў каментар з аднаго слова «мразь» пад пастом пра тое, што інспектар ДПС маёр міліцыі Андрэй Баграёнак удзельнічаў у разгоне мірных сходаў і штрафаваў за падачу гукавых сігналаў салідарнасці. Крымінальную справу паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса («Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў») разглядала суддзя Галіна Гулевіч.


Аляксандр ЮНІЦКІ.

У выніку Галіна Гулевіч прызнала Аляксандра Юніцкага вінаватым у злачынстве, якое яму інкрымінавалася, і прызначыла пакараць яго двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама Гулевіч пастанавіла спагнаць з Юніцкага на карысць Баграёнка 1000 рублёў і канфіскаваць у яго мабільны тэлефон, з якога той змясціў каментар. Менавіта такія меры пакарання прасіў падчас судовых спрэчак дзяржабвінаваўца – старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёну Дзяніс Раманчыкаў.

«Я згодны, што абражаць людзей непрыгожа. І я двойчы выбачыўся перад міліцыянтам – пад відэазапіс падчас затрымання і ў судзе. Бо напісаў у жніўні абразлівы каментар пад уплывам эмоцыяў ад надзвычайнай жорсткасці тых, хто абараняў уладу. Але я ведаю, што зараз гэтыя так званыя “хіміі” імкліва запаўняюцца асуджанымі паводле артыкула 369. Людзі, абураныя тым, што адбываецца, эмацыйна каментуюць дзеянні ўладаў. Вось і мяне забяруць ад дзяцей і накіруюць невядома куды. Што ж – я веру, што прыйдзе час адплаты. Абскарджваць прысуд я не бачу сэнсу, а лішнія некалькі тыдняў дома мяне не выратуюць. Жонцы і двум дзеткам, якіх гадую, я пастараўся зрабіць пэўную “падушку бяспекі”», – сказаў Палескай Вясне Аляксандр Юніцкі пасля абвяшчэння прысуду.

За абразу маёра міліцыі Андрэя Баграёнка ў студзені 2021 года ўжо асудзілі яшчэ аднаго жыхара Светлагорска Валерыя Лозу. Ён змясціў эмацыйны каментар пад тым самым пастом у той самай суполцы ў Аднакласніках. Гэтая ж суддзя Галіна Гулевіч тады таксама пагадзілася з запытам гэтага ж абвінаваўцы Дзяніса Раманчыкава і прысудзіла Лозе 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову. У красавіку 10 праваабрончых арганізацыяў краіны прызналі Валерыя Лозу палітычным зняволеным. 

Алена МАСЛЮКОВА.

Праваабронца, кіраўнік Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова такім чынам пракаментавала гэтую справу:

«369-ы артыкул КК улады  выкарыстоўваць, як адзін са спосабаў ціску на іншадумства, як метад запалохвання людзей. У Светлагорску гэта ўжо другая справа пра абразу МУСаўца, і, што цікава, абражаецца адзін і той жа міліцыянт. Можа, яго міліцэйскаму кіраўніцтву варта над гэтым задумацца? Безумоўна, абраза не той спосаб, пры дапамозе якога трэба вырашаць разнагалоссі. Але ж, і не падстава, каб караць грамадзяніна непрапарцыйна здзейсненаму жорсткай мерай – двума гадамі ў няволі. У дадзеным выпадку несувымяральнымі выглядаюць адно слова "мразь" і 2 гады зняволення. Гэты прысуд яшчэ раз нам дэманструе карны характар дзейнай улады і палітычную матывацыю падобных справаў. Моцна дэсануюць прысуды светлагорцам Валерыю Лозе і Аляксандру Юніцкаму па адным і тым жа артыкуле, ад адной і той жа суддзі, якіх яна адправіла на 2,5 і 2 гады ў месцы абмежавання волі, з нядаўнім прысудам у Францыі чалавеку, які ўляпіў аплявуху прэзідэнту Францыі Макрону. Ён атрымаў арышт на 4 месяцы. Розныя краіны, розныя практыкі, і, прынамсі, відавочная сутнасць беларускай "прававой" сістэмы і яе стаўленне да правоў чалавека».