Два з паловай гады «хіміі» прысудзілі жыхару Светлагорска за эмацыйныя каментары на адрас інспектара ДПС
Палеская Вясна
22.01.2021
Мужчына прызнаў
віну, з усім пагадзіўся і выбачыўся перад міліцыянтам. Але на жорсткасць
прысуду гэта не паўплывала.
Жыхара Светлагорска Валерыя
Лозу абвінавачвалі ў
абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх абавязкаў. Лоза пісаў
у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад пастом аб дзеяннях інспектара ДПС Андрэя
Баграёнка падчас жнівеньскіх пратэстаў каментары, у якіх эмацыйна выказваўся
пра героя паста.
Андрэй Баграёнак паведаміў, што быў моцна абражаны,
пераймаўся з нагоды таго, што пра яго думаюць жыхары горада. Свае маральныя
пакуты ён ацаніў у 3000 рублёў, падаўшы пазоў аб спагнанні гэтай сумы з Лозы.
Апошні прызнаў гэтае патрабаванне часткова, пагадзіўшыся дабраахвотна выплаціць
міліцыянту 1500 рублёў.
Падчас першага судовага паседжання дзяржаўны абвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў двойчы хадайнічаў аб
абвяшчэнні перапынкаў у паседжанні, каб падрыхтавацца да спрэчак. Урэшце,
спрэчкі адбыліся амаль праз тыдзень пасля судовага следства. Выступ Дзяніса
Раманчыкава заняў каля 4 хвілін. Падчас выступу абвінаваўца запытаў для Валерыя
Лозы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады 6 месцаў з
накіраваннем яго ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама спагнаць з яго
на карысць Андрэя Баграёнка 1500 рублёў маральнай шкоды. Паколькі ў Лозы не
было абаронцы, спрэчак фактычна не адбылося.
Суддзя Галіна Гулевіч пагадзілася з запытаным
абвінаваўцам пакараннем і прызначыла Валерыю Лозу 2,5 гады абмежавання волі з
накіраваннем у папраўчую ўстанову, а таксама пастанавіла спагнаць з яго 1500
рублёў маральнай шкоды на карысць Баграёнка.