«Нават не магу знайсці альтэрнатывы словам, якія напісаў». У Светлагорску судзяць мужчыну за абразу ў інтэрнэце інспектара ДАІ

Андрусь ГАЁВЫ 15.01.2021

>>>>

26 жніўня ў адной са светлагорскіх суполак сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі» змясцілі фотаздымкі супрацоўніка дарожна-патрульнай службы і напісалі, што ён браў удзел у збіцці мірных пратэстоўцаў і штрафаваў кіроўцаў, якія сігналамі падтрымлівалі пратэсты. Паведамленне выклікала бурлівыя абмеркаванні і абурэнні жыхароў горада. 15 студзеня ў Светлагорску пачаўся суд над мужчынам, які пакінуў пад пастом абураныя каментары.


Мясцовага жыхара Валерыя Лозу абвінавачваюць паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэксу. У абвінавачванні, якое зачытаў дзяржаўны абвінаваўца, старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Дзяніс Раманчыкаў, гаворыцца, што Валерый Лоза «рэалізуючы задуму на абразу прадстаўніка ўлады – інспектара Дарожна-патрульнай службы ДАІ Міліцыі грамадскай бяспекі Аддзела ўнутраных справаў Светлагорскага райвыканкама маёра міліцыі Баграёнка з мэтаю публічнага прыніжэння гонару і годнасці прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў па ахове грамадскага парадку шляхам доступу ў глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт, зарэгістраваўшыся ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” наўмысна падрыхтаваў і апублікаваў у адкрытым дасягу чату групы “Светлік. Светлагорск” каментары да фатаграфіі Баграёнка, які знаходзіўся ў форменным абмундзіраванні супрацоўніка органаў унутраных справаў, якія ўтрымлівалі выказаныя ў непрыстойнай форме абразы на адрас пацярпелага Баграёнка, а таксама ненарматыўную форму моўнага выказвання яго негатыўнай ацэнкі, якая прыніжае гонар і годнасць пацярпелага ў асобаў, да ведама якіх даведзеныя каментары, ягоны аўтарытэт, асабістыя і прафесійныя якасці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных справаў у цэлым».

Валерый Лоза не мае ў судзе абаронцы. Сваю віну ён прызнаў цалкам, выказаў жаданне прынесці прабачэнні Баграёнку. Ён патлумачыў, што 26 жніўня, ведаючы, што адбывалася тады ў краіне, зайшоў у суполку ў Аднакласніках, якая прысвечаная роднаму гораду, быў шакаваны тымі паведамленнямі, якія там пабачыў пра мясцовага міліцыянта. Ён не правяраў інфармацыю, а паверыў ёй і на эмоцыях змясціў некалькі каментароў. Пры гэтым бачыў, што іншыя каментатары выказваліся таксама ў такім жа ключы. Лоза прызнае, што выкарыстаў непрыстойныя словы, але кажа, што рабіў гэта пад уплывам эмацыйнага стану. Раней з пацярпелым ён ніколі не сустракаўся.


Валерый ЛОЗА.

Падчас ягонага апытання абвінаваўца некалькі разоў прасіў Валерыя Лозу прывесці змест тых каментароў, якія ён размясціў, замяніўшы нецэнзурныя словы прыстойнымі.

«Я нават не магу знайсці альтэрнатыву гэтым словам», – сказаў абвінавачаны.

Тады Дзяніс Раманчыкаў зачытаў некалькі каментароў, спрабуючы замяняць некаторыя словы ў іх. Да прыкладу: «Ну и «лицо» отъел на народных харчах», «Еще и на нас «прыгает», «Харю» бы ему набить за это».

Пацярпелы маёр міліцыі, інспектар ДПС Андрэй Баграёнак патлумачыў, што ён быў 26 жніўня выходны. І яму пачалі тэлефанаваць знаёмыя і паведамляць, што яго абмяркоўваюць у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі. Яму скінулі спасылку і ён зайшоў у адпаведную суполку, дзе ўбачыў свае фотаздымкі, якія раней былі размешчаныя ў дзяржаўных СМІ, калі яны асвятлялі ягоную працу.

«Пад фотаздымкамі была інфармацыя, што я нібыта браў удзел у карнай аперацыі і штрафаваў кіроўцаў за падачу гукавога сігналу. Але я ніколі нікога не збіваў і ніводнага пратаколу за гукавыя сігналы не складаў. А далей пад гэтым пастом было абмеркаванне, дзе пра мяне былі напісаныя непрыстойныя рэчы і абразы ў мой адрас. Я быў у шоку. У мяне падняўся ціск. Давялося звяртацца да хуткай дапамогі».

На наступны дзень Баграёнак на працы ў міліцыі напісаў заяву з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто змясціў у інтэрнэце абразы на ягоны адрас.


Андрэй БАГРАЁНАК.

Таксама маёр Андрэй Баграёнак падаў пазоў аб спагнанні на ягоную карысць маральнай шкоды ў памеры 3000 рублёў. Гэты пазоў Валерый Лоза прызнаў часткова, згадзіўшыся выплаціць пацярпеламу 1500 рублёў. Падчас перапынку для азнаямлення з пазовам некаторыя слухачы на паседжанні рэкамендавалі Лозе папрасіць абгрунтаванне сумы, пацвердзіць тое, што пацярпелы звяртаўся да медыкаў. Але абвінавачваны гэта не зрабіў.

Таксама падчас судовага паседжання заслухалі паказанні сведак. Імі выступілі жонка пацярпелага Марына Баграёнак, а таксама яшчэ два ўдзельнікі таго абмеркавання.

Марына Баграёнак распавяла, што, калі ўбачыла тое, што напісалі, была шакаваная. Ёй і яе мужу пачалі тэлефанаваць сябры і знаёмыя, якія пыталі «як так?».

«У мужа ўзняўся ціск, забалела галава. Я пабегла ў аптэку, дзе мне фармацэўт параіў якія можна яму лекі набыць. Ён лекаваўся. І дагэтуль мы нармальна не спім. Бо ў тых каментарах былі і пагрозы спаліць нам машыну. Я цяпер, як толькі спрацуе сігналізацыя на вуліцы, узнімаюся каб праверыць, ці не гарыць наша машына», – распавяла Марына Баграёнак.

Іншыя два сведкі з боку абвінавачвання распавялі, што кепска памятаюць абставіны, але дакладна сказалі, што таксама ўдзельнічалі ў каментаванні паста, дзе быў фотаздымак нейкага супрацоўніка міліцыі ў форменным адзенні. У той жа час іншыя ўдзельнікі абмеркавання пісалі там не самыя прыстойныя выразы ў каментарах.

Падчас агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы суддзя Галіна Гулевіч агучыла некаторыя вытрымкі з заключэнняў двух лінгвістычных экспертызаў, якія ацэньвалі напісанае Валерыем Лозай на прадмет наяўнасці там абразаў Баграёнка. У адным з заключэнняў сказана, што ў выказваннях Лозы «маецца негатыўная ацэнка маёра міліцыі Баграёнка, выражаная моўнымі адзінкамі». У заключэнні паводле прызначанай дапаўняльнай экспертызы, сказана, што «сродкі выражэння маюць ненарматыўную форму моўнага выражэння».

Пасля агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы, каля 12-й гадзіны дня дзяржабвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў папрсаіў у суда перапынак да 15-й гадзіны для падрыхтоўкі да спрэчак. Суддзя гэтае хадайніцтва задаволіла і абвесціла перапынак. А 15-й гадзіне паседжанне пачалося з новага хадайніцтва дзяржабвінаваўцы. Ён зноў папрасіў перапынак для падрыхтоўкі да спрэчак да нейкага іншага дня. Суддзя задаволіла і гэтае хадайніцтва. У судзе абвешчаны перапынак да 10-й гадзіны 21 студзеня.