Жыхара Светлагорска судзяць за абразу міліцыянта, з-за якога ўжо адзін светлагорац стаў палітвязнем

Андрусь ГАЁВЫ 10.06.2021

>

Адно слова каментара пад пастом у Аднакласніках можа стаць прычынай зняволення для бацькі дваіх дзяцей.


Аляксандр ЮНІЦКІ ў судзе. 

10 чэрвеня ў судзе Светлагорскага раёна пачаўся судовы працэс пад Аляксандрам Юніцкім. Яго вінавацяць паводле арткула 369 Крымінальнага кодэкса ў абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў. Справу разглядае суддзя Галіна Гулевіч. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёна Дзяніс Раманчыкаў.  

Аляксандр Юніцкі 31 жніўня 2020 года ў суполцы «Светлик Светлогорск»  у сацсетцы Аднакласнікі змясціў каментар пад пастом, у якім сцвярджалася, што інспектар ДПС маёр міліцыі Андрэй Баграёнак удзельнічаў у разгоне мірных сходаў грамадзян на вуліцах горада, а таксама штрафаваў кіроўцаў за падачу гукавых сігналаў. Каментар Юніцкага складаўся з аднаго слова: «Мразь».

У судовым паседжанні Аляксандр Юніцкі прызнаў сваю віну цалкам. Ён патлумачыў, што летась у жніўні чытаў навіны пра тое, што адбывалася ў Светлагорску, знаходзячыся на працы ў горадзе Каломна ў Расіі. Тое, што пісалі з радзімы, выклікала ў яго моцныя эмоцыі. І пад уплывам эмоцыяў ён і напісаў абразлівы каментар. Пазней ён выдаліў гэты свой каментар і выдаліўся з суполкі «Светлик Светлогорск».

Пацярпелы Андрэй Баграёнак распавёў, што пра каментары з абразамі пад пастом пра яго ў Аднакласніках яму паведаміла жонка, якая падпісаная на суполку «Светлик Светлогорск». Пазней пра гэтае ж яму паведамлялі сябры. Дзяржабвінаваўца Дзяніс Раманчыкаў спытаў у пацярпелага якімі былі наступствы таго, што яго публічна абразілі ў інтэрнэце.

«Непрыемна было, калі сябры пыталі. Хацеў прынізіць – хай бы знайшоў мяне і ў твар сказаў», – адказаў Баграёнак.


Андрэй БАГРАЁНАК.

Маёр міліцыі таксама заявіў пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды на 3000 рублёў. У пазове нейкіх абгрунтаванняў такога памеру маральнай шкоды не было, але вусна ён растлумачыў, што яму «непрыемна было выслухоўваць, што людзі казалі». Маёр у пазове таксама сцвярджае, што Юніцкі не прадпрымаў нейкіх дзеянняў, каб выбачыцца перад міліцыянтам.

Аляксандр Юніцкі проста ў судовым пасяджэнні прынёс прабачэнні Баграёнку. Таксама ён распавёў, што першы раз яго затрымалі міліцыянты з упраўлення ўласнай бяспекі яшчэ ў снежні мінулага года. І яны запрапанавалі яму запісаць відэа з прабачэннямі перад Баграёнкам. Юніцкі прынёс тады Баграёнку прабачэнні пад відэазапіс (дыск з гэтым запісам маецца ў матэрыялах справы). Пры гэтым супрацоўнікі УУБ параілі Юніцкаму не шукаць асабістай сустрэчы з маёрам, бо гэта можа быць расцэнена «па-рознаму». Юніцкі сказаў, што згодны кампенсаваць маральную шкоду міліцыянту, але лічыць заяўлены памер занадта вялікім і прызнаў яго ў памеры 1000 рублёў.

Падчас судовага паседжання таксама апыталі ў якасці сведкі жонку маёра – Марыну Баграёнак. Яна паведамла, што знайшла ў стужцы сацсеткі Аднакласнікі, на якую падпісаная, пост пра свайго мужа. А пад ім было мноства каментароў. Дзяржабвінаваўца спытаў ці быў там каметар са словам «мразь».

«І “мразь” была, і шмат чаго было. Страшна было чытаць. У яго ціск падскочыў! Дагэтуль узгадваеш – жах!», – адказала сведка.

Двое выкліканых сведкаў у суд не з’явіліся. Супрацоўнік РАУС Даўляцьяраў падаў заяву, што не можа з’явіцца, бо знаходзіцца па-за межамі Светлагорскага раёна, а стрыечны брат Юніцкага, які на папярэднім следстве сведчыў, што Аляксандр працуе ў Расіі, не паведаміў прычынаў нез’яўлення. Тым не менш, ніводны бок не настойваў на апытанні гэтых сведкаў.

За абразу маёра міліцыі Андрэя Баграёнка ў студзені 2021 года ўжо асудзілі яшчэ аднаго жыхара Светлагорска Валерыя Лозу. Ён змясціў эмацыйны каментар пад тым самым пастом у той самай суполцы ў Аднакласніках. Суддзя Галіна Гулевіч тады пагадзілася з запытам гэтага ж абвінаваўцы Дзяніса Раманчыкава і прысудзіла Лозе 2,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову.

Таксама 10 чэрвеня ў судзе над Аляксандрам Юніцкім адбыліся судовыя спрэчкі. Дзяніс Раманчыкаў давёў, што віна Юніцкага ў здзяйсненні інкрымінуемага злачынства даказаная. Акалічнасцямі, якія памягчаюць віну Юніцкага, Раманчыкаў назваў тое, што ён выхоўвае дваіх малалетніх дзяцей, тое, што не мае судзімасці, а такама прызнанне віны і раскайванне ў здзейсненым. Акалічнасцяў, якія б абцяжарвалі віну, ён не прывёў. Раманчыкаў запытаў для Юніцкага пакаранне ў выглядзе абмежвання волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову. Таксама ён папрасіў суд спагнаць з Юніцкага на карысць Баграёнка маральную шкоду ў памеры 1000 рублёў.

Юніцкі сказаў, што яму няма чаго дадаць да таго, што ён ужо сказаў падчас судовага паседжання.

Абвяшчэнне прысуду мае адбыцца 11 чэрвеня а 10-й гадзіне