«У іншым месцы немэтазгодна». Мазырскі райвыканкам патлумачыў чаму дазволіў камуністам масавае мерапрыемства не ў вызначаным месцы
Палеская Вясна
24.05.2021
22 красавіка на цэнтральнай плошчы
Мазыра адбылося масавае мерапрыемства, якое ладзілі мясцовыя камуністы. Раней
Мазырскі райвыканкам на шматлікія заявы гараджан аб правядзенні ў гэтым і іншых
шматлюдных месцах гораду пікетаў адказваў, што ў раёне вызначаныя сталыя месцы
для правядзення масавых мерапрыемстваў – стадыёны «Спартак», на вуліцы Фрунзэ ў
старым раёне прыватнай забудовы ў Мазыры, і «Палессе» ў вёсцы Козенкі.
Масавае мерапрыемства камуністаў на цэнтральнай плошчы Мазыра 22 красавіка 2021 года. Скрын-шот відэа tkm.by
Яшчэ ў
сакавіку жыхарка Мазыра Лілія Малыга
звярнулася ў Мазырскі райвыканкам з заявай аб дазволе правядзення пікетавання у
цэнтры горада каля крамы «Белкніга» на супрацьлеглым ад помніка Леніну баку
адпаведнай плошчы. Выканкам даслаў адмову за
подпісам намесніка старшыні Фелікса
Галюка, у якой спаслаўся на сваё рашэнне ад 2011 года, якім ён вызначаў
месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў у паведамляльным парадку. Малыга ж
прасіла дазволу на правядзенне пікетаў паводле заяўнага прынцыпу. Такія масавыя
мерапрыемствы, згодна з адпаведным законам, ладзяцца ў любым незабароненым
месцы, якое пасуе заяўніку.
Стадыён «Спартак» у Мазыры на вуліцы Фрунзэ. Фота: pressball.by
Таксама ў
сакавіку мазыранка Таццяна Драбышэўская
прасіла ў выканкама дазволу на правядзенне адзіночнага пікету на пляцоўцы каля
Палацу культуры нафтаперапрацоўчага заводу на бульвары Юнацтва. Але і тут
выканкам адмовіў, спаслаўшыся ўсё на тое ж рашэнне 2011 года, якім нібыта на
ўсе выпадкі для ўсіх масавых мерапрыемстваў у раёне вызначаныя два стадыёны.
Драбышэўская
абскардзіла
адмову ў судзе. Аўтар адмовы Фелікс Галюк, відавочна, баючыся наўпроставых
стасункаў з заяўніцай, на суд не з’явіўся, хоць і быў выкліканы ў якасці
сведкі. Прадстаўніца выканкама – начальніца юрыдычнага аддзелу Наталля Рэберт ужо тлумачына адмову
тым, што бульвар Юнацтва – гэта тэрыторыя прадпрыемства «Мазырскі райжылкамгас», якое забяспечвае жыццядзейнасць
насельніцтва, а значыць бліжэй за 50 метраў да яго нельга праводзіць масавыя
мерапремствы. Суддзя Дзмітрый Мазай,
які разглядаў справу, хоць і не зразумеў довадаў прадстаўніцы выканкама, але ў
задавальненні скаргі Драбышэўскай адмовіў.
Тым не менш
22 красавіка мясцовая суполка праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі з
дазволу выканкама зладзіла проста на цэнтральнай плошчы імя Леніна масавае
мерапремства з ускладаннем кветак да помніка гэтаму самаму Леніну. Рэпартаж пра
яго нават паказаў мясцовы дзяржаўны тэлеканал.
Пабачыўшы
гэта, Лілія Малыга звярнулася ў райвыканкам з просьбай патлумачыць, чаму, калі
ў раёне вызначаныя для правядзення масавых мерапремстваў два стадыёны, масавае
мерапремства 22 красавіка прайшло не ў вызначаным месцы, а на плошчы Леніна. Усім
заяўнікам на іншыя месцы адмаўляюць, бо яны нібыта заяўляюцца на не вызначаныя
рашэннем 2011 года месцы.
Усё той жа
Фелікс Галюк у якасці апраўдання напісаў у адказе Ліліі Малыга, што «22 красавіка штогод адзначаецца
гадавіна з дня нараджэння выбітнага рэвалюцыйнага дзеяча сусветнай гісторыі
У.І. Леніна. У г. Мазыры яго імём названая цэнтральная плошча, дзе і ўсталяваны
помнік У.І. Леніну. Ускладанне кветак да помніка У.І. Леніну з нагоды 151
гадавіны з дня ягоных народзінаў было ўзгоднена Мазырскім райвыканкамам у
сувязі з тым, што дадзенае мерапрыемства ў іншым месцы праводзіць не мэтазгодна».
«Гэтая сітуацыя як
нельга лепш ілюструе крывадушнасць улады, якая не здольная знайсці не толькі
законныя абгрунтаванні сваім дзеянням, але і хаця б збольшага лагічныя. Я
некалькі разоў ад даты прыняцця рашэння выканкама ў 2011 годзе спрабаваў
дамагчыся ад выканкама тлумачэнняў як гэтае рашэнне выконваць, як можна
праводзіць масавыя мерапрыемствы на тэрыторыі, абнесенай кратамі. Звяртаўся у
суд. Той жа Галюк, якога суд на некалькі пасяджэнняў выклікаў у якасці сведкі,
ніводнага разу ў суд так і не з’явіўся і не панёс за непавагу да суду аніякай
адказнасці. І цяпер у сваіх адказах іншым людзям чыноўнік спасылаецца не на
прававыя нормы заканадаўства, а то на свае ж бязглуздыя рашэнні, то на нейкую
мэтазгоднасць. Выкручваецца як можа. Чыноўнікі, якія прынялі гэтыя рашэнні і
прыкрываюць імі сваё нежаданне забяспечваць людзям гарантаваныя ім Канстытуцыяй
правы, самі баяцца глядзець людзям у вочы і адказваць на наўпроставыя пытанні» – пракаментаваў ліставанне з выканкамам кіраўнік Мазырскай
філіі Праваабрончага цэнтру «Вясна» Уладзімір
Целяпун.