Яшчэ адзін палітзняволены ў палескім рэгіёне – Сяргей Міраеўскі са Светлагорска
Палеская Вясна
04.03.2021
>
3 сакавіка
правабарончая супольнасць Беларусі яшчэ восем чалавек прызнала палітычнымі
зняволенымі. Сярод іх ёсць і жыхар Светлагорска.
Сяргей МІРАЕЎСКІ.
Сяргея
Міраеўскага 21 снежня 2020
года суддзя суда Светлагорскага раёна Аляксандр
Валодзькін прызнаў вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба
парушаюць грамадскі парадак. Яму ставілася ў віну тое, што ён у каментарах у
тэлеграм-канале «Светлогорск для жизни» прапаноўваў жыхарам Светлагорска збірацца не на
цэнтральнай плошчы горада, дзе праблемна схавацца ад гвалту сілавікоў, а ў
раёне гандлёвага цэнтру «Бярозкі», да якога прымыкае лясны масіў, старацца трымацца
вялікімі групамі па 70 – 100 чалавек, блакаваць аўтамабілямі пад’езды да месцаў
мірных сходаў, каб замінаць прыбыццю вялікай колькасці карных падраздзяленняў,
калі міліцыянты будуць ужываць гвалт і пераследаваць людзей у дварах мікрараёнаў,
Міраеўскі раіў самім ствараць засады і затрымліваць міліцыянтаў, здымаючы з іх
спецвопратку і фіксуючы пластыкавымі сцяжкамі альбо скотчам.
Суддзя Валодзькін пакараў Сяргея Міраеўскага
2,5 гадамі абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.
Нягледзячы на тое, што так званая арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба
парушаюць грамадскі парадак, аднсіцца да менш цяжкіх злачынстваў, а ў Сяргея
Міраеўскага двое малалетніх дзетак, абласны суд пакінуў прысуд Валодзькіна
без зменаў. Днямі Сяргея адарвалі ад сям’і і накіравалі ва ўстанову адкрытага
тыпу.
У сумеснай заяве
дзевяці правабарончых арганізацыяў Беларусі 3 сакавіка Сяргей Міраеўскі
прызнаны палітычным зняволеным. Пераслед Сяргея Міраеўскага, гэтак жа, як і
пераслед іншых сямі чалавек, якіх прызналі палітзняволенымі 3 сакавіка,
праваабаронцы лічаць, «як палітычна матываваны
пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго
меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».
Праваабаронцы запатрабавалі неадкладна вызваліць
палітычных зняволеных і спыніць іх крымінальны пераслед.
_____________________________________________
Станам на 4 сакавіка ў Беларусі 270 палітвязняў
_____________________________________________