У Светлагорску бацьку дваіх малых дзяцей за інтэрнэт-каментары прысудзілі два з паловай гады абмежавання волі ў папраўчай установе

Андрусь ГАЁВЫ 21.12.2020

>>

Суд Светлагорскага раёна скончыў разгляд справы аб каментарах у мэсэджэры Тэлеграм, якія карныя органы расцанілі як арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.


Сяргей МІРАЕЎСКІ.

Жыхара горада Сяргея Міраеўскага вінавацілі ў тым, што ён 11 жніўня, «маючы задуму на арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам размяшчэння ў тэлеграм-канале «Светлогорск для жизни» рэкамендацыяў і інструкцыяў», арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. У прыватнасці ён прапанаваў месца збору ўдзельнікаў – каля гандлёвага цэнтру «Бярозкі», замест цэнтральнай плошчы, трымацца групамі па 70-100 чалавек, блакаваць аўтамабілямі пад’езды да месцаў збору, арганізаваць засады ў дварах прылеглых дамоў, і, калі там міліцыянты будуць пераследаваць людзей, якія ўцякаюць, самім затрымліваць міліцыянтаў, здымаць з іх спецвопратку і фіксаваць іх пластыкавымі сцяжкамі ці скотчам. Раіў, што паддоны, якія захоўваюцца за адным з гадлёвых прадпрыемстваў, можна выкарыстаць як шчыты, каб хавацца за імі, калі і ў Светлагорску сілавікі будуць ужываць светла-шумавыя гранаты ці гумавыя кулі.


Чытайце таксама:

У Светлагорску пачаўся суд над мужчынам за допісы ў тэлеграм-чаце, якія расцэньваюць як арганізацыю масавых беспарадкаў


«Затрымлівалі, каб меней людзей пацярпела ад дэструктыўных элементаў». Тлумачэнні сведкаў-міліцыянтаў на судзе ў Светлагорску


Усяго ў разглядзе справы адбылося чатыры паседжанні. Пра два паседжанні Палеская Вясна паведамляла ў адпавеных матэрыялах. На трэцім паседжанні адбываліся спрэчкі бакоў. Перад іх пачаткам дзяржабвінаваўца – старшы памочнік пракурора раёну Таццяна Хрысцюк заявіла хадайніцтва пра тое, каб пры абвяшчэнні прысуду вяліся відэаздымкі «прадстаўнікамі пракуратуры і СМІ». Суддзя гэтае хадайніцтва задаволіў. Таццяна Хрысцюк усваім выступе цалкам падтрымала абвінавачванне і запрасіла ў суда пакаранне Міраеўскаму ў выглядзе трох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.


Дзяржабвінаваўца Таццяна ХРЫСЦЮК.

Адвакатка ж у сваім выступе звярнула ўвагу, што ў Сяргея на выхаванні знаходзяцца двое дзяцей, аднаму з якіх шэсць гадоў, а другому няма пакуль і месяца. Пры гэтым жонцы ўжо некалькі месяцаў затрымліваюць заробак і фактычна адзіным карміцелем у сям’і з’яўляецца Сяргей Міраеўскі. Яна звярнула ўвагу, што тых дзеянняў, у арганізацыі якіх абвінавачваюць Сяргея, насамрэч не было і ці скарыстаўся нехта ягонымі прапановамі следства не высветліла. У той жа час зараз адсутнічае судовая практыка ўжывання гэтага артыкула, апісаная ў адпаведных зборніках, няма тлумачэнняў пленуму Вярхоўнага Суду па ўжыванні артыкула 342.

Пры гэтым адвакатка распавяла пра гісторыю расследавання справы. Яна сказала, што следчыя органы доўгі час увогуле не маглі вызначыцца паводле якога артыкулу прад’яўляць абвінавачванне. Спачатку разглядалі артыкул 293 (масавыя беспарадкі). Але масавых беспарадкаў у Светлагорску не было. Потым хацелі прад’явіць абвінавачванне паводле ч. 1 артыкула 364 (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў). Але ў такім выпадку мусіць быць канкрэтны пацярпелы, якога таксама не было. У выніку абвінавачванне прад’явілі паводле артыкулу 342. Адвакатка, спасылаючыся на артыкул 79 Крымінальнага кодэкса і тое, што злачынства, прадугледжанае артыкулам 342, адносіцца да менш цяжкіх, папрасіла суддзю не ўжываць пакаранне да Міраеўскага.

Тым не менш, 21 снежня адылося заключнае паседжанне суда, на якім быў вынесены прысуд. На паседжанне прыехала здымачная група тэлеканала ОНТ, якая запісвала агалошванне прысуду. Суддзя Аляксандр Валодзькін прызнаў Сяргея Міраеўскага вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 1 артыкула 342 і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 2 гады 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Прысуд законную сілу пакуль не набыў.


Паводле каментару адвакаткі і самога Сяргея Міраеўскага, яны шакаваныя і абураныя такім жорсткім прысудам і будуць яго абскарджваць.