«Затрымлівалі, каб меней людзей пацярпела ад дэструктыўных элементаў». Тлумачэнні сведкаў-міліцыянтаў на судзе ў Светлагорску

Андрусь ГАЁВЫ 12.12.2020

>>>

У Светлагорску працягваецца судовы працэс па абвінавачванні мясцовага жыхара ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 11 снежня прайшлі допыты двух сведак – высокапастаўленых мясцовых міліцыянтаў.

Міліцыянт: Беспарадкаў не было

Сяргея Міраеўскага абвінавачваюць у тым, што ён 11 жніўня, «маючы задуму на арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам размяшчэння ў тэлеграм-канале «Светлогорск для жизни» рэкамендацыяў і інструкцыяў», арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады. У прыватнасці ён прапанаваў месца збору ўдзельнікаў – каля гандлёвага цэнтру «Бярозкі», трымацца групамі па 70-100 чалавек, блакаваць аўтамабілямі пад’езды да месцаў збору, арганізаваць засады ў дварах прылеглых дамоў, і, калі там міліцыянты будуць пераследаваць людзей, якія ўцякаюць, самім затрымліваць міліцыянтаў, здымаць з іх спецвопратку і фіксаваць іх пластыкавымі сцяжкамі ці скотчам. Раіў, што паддоны, якія захоўваюцца за адным з гадлёвых прадпрыемстваў, можна выкарыстаць як шчыты, каб хавацца за імі, калі і ў Светлагорску сілавікі будуць ужываць светла-шумавыя гранаты ці гумавыя кулі.

11 снежня ў судзе адбыліся допыты яшчэ двух сведкаў. Адзін з іх – начальнік аддзялу аховы правапарадку і прафілактыкі мясцовага РАУС Яўген Бяспалька, адпачатку быў заяўлены абвінавачваннем, але на першае паседжанне не з’явіўся. Пытанні абвінаваўцы – старшага прамочніка пракурора Светлагорскага раёну Таццяны Хрысцюк, якая замяніла ў судовым паседжанні ранейшага дзяржабвінаваўцу Дзяніса Раманчыкава, тычыліся парадку арганізацыі працы па прафілактыцы і спыненні так званых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў.

Бяспалька патлумачыў, што міліцыя выконвае маніторынг сацыяльных сетак і мэсэджэраў. Калі там знаходзяць заклікі сабрацца на несанкцыянаванае мерапрыемства, задзейнічаюць сілы і сродкі РАУС, фармуюць групы інфармавання і затрымання і выязджаюць на месцы масавых мерапрыемстваў. Там грамадзян папярэджваюць аб незаконнасці іхніх дзеянняў і просяць разыйсціся. Тых, хто не выконвае просьбу, могуць затрымаць для прыцягнення да адказнасці. Тое, што 11 жніўня адбывалася несанкцыянаванае масавае мерапрыемства бяспалька памятае, але дакладную колькасць затрыманых на ім ён назваць не здолеў. Міліцыя ж, паводле словаў яе супрацоўніка, дзейнічала паводле названай ім схемы.

На пытанне адвакаткі пра тое, ці адбываліся 11 жніўня ў Светлагорску масавыя беспарадкі Яўген Бяспалька адказаў:

«Калі б былі масавыя беспарадкі – была б узбуджаная крымінальная справа. Былі несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы. Беспарадкаў не было».

Суддзя Аляксандр Валодзькін задаў сведку пытанне ці падпадаюць гэтыя несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы пад вызначэнне «групавыя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак»?

Адказ Яўгена Бяспалькі быў наступны:

«11 жніўня затрымлівалася каля 10 чалавек за парушэнне адміністрацыйнага заканадаўства. Больш дакладна з-за даўніны часу я сказаць не магу. Гэтыя людзі былі затрыманыя за тое, што знаходзіліся ў грамадскіх месцах, выказвалі свае палітычныя перакананні і пры гэтым не мелі дазволу органаў улады на правядзенне такіх мерапрыемстваў».

Яшчэ адзін сведка, заяўлены абвінавачваннем – кіраўнік фірмы, дзе працуе Сяргей Міраеўскі, на паседжанне не з’явіўся з-за хваробы і падаў хадайніцтва, каб справа разглядалася без яго. У судзе абвясцілі ягоныя паказанні падчас папярэдняга расследавання, у якіх ён выключна станоўча характарызуе Міраеўскага і паведамляе, што яму нічога не вядома пра абставіны напісання Міраеўскім паведамленняў у мэсэджэрах.

Намначальніка РАУС: Пакуль міліцыя на гэтых мітынгах, іншыя злачынствы не спыняюцца

Таксама Таццяна Хрысцюк заявіла ашчэ аднаго сведку – намесніка начальніка Светлагорскага РАУС, начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Рамана Рудзінскага. Яго таксама апытвалі аб акалічнасцях барацьбы з так званымі несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі, пад якімі ўлады разумеюць ажыццяўленне жыхарамі Беларусі сваіх правоў на выказванне меркаванне і мірныя сходы. Рудзінскі таксама паведаміў пра бесперапынны маніторынг сацсетак, сувязь з выканкамам наконт дазволу на тое, каб людзі маглі недзе сабрацца і пры адсутнасці такога дазволу – прыняцце захадаў рэагавання на нібыта парушэнне закону пра масавыя мерапрыемствы. Супрацоўнік міліцыі таксама распавёў пра фармаванне  і дзеянні групы інфармавання ды іншых падраздзяленняў. На пытанне абвінаваўцы наконт менавіта 11 жніўня Рудзінскі распавёў:

«І 9-га, і 10-га, і 11-га, і 12-га – два тыдні запар адбываліся гэтыя мерапрыемствы. Нашыя супрацоўнікі былі наладаваныя максімальным спосабам давесці, растлумачыць грамадзянам незаконнасць дадзенага мерапрыемства, каб як мага больш грамадзян зразумела і пакінула гэтыя масавыя мерапрыемствы, каб як мага менш жыхароў Светлагорскага раёну пацярпелі ад дзеянняў дэструктыўных элементаў. Мы праводзілі гутаркі ў працоўных калектывах, гутарылі з грамадзянамі, якія і да нас дастаўлялліся, не ўсіх затрымлівалі, з некаторымі праводзілі прафілактычня гутаркі, каб неяк мінімізаваць. Можа гэта і не ў тэму, але ў нашым горадзе ніводнаму чалавеку не нанеслі цялесных пашкоджанняў»


Чытайце таксама: 

«Тэтрыс» з людзей у калідоры РАУС. Як здзекваліся з затрыманых у Светлагорску (ВІДЭА)


На пытанне суддзі, ці парушалі грамадзяне, якія ўдзельнічалі ў масавых мерапрыемствах грамадскі парадак, Раман Рудзінскі таксама паведаміў:

«Уплывае гэта ці не ўплывае на грамадскі парадак – гэта шматбаковае пытанне. Сілы супрацоўнікаў міліцыі былі скіраваныя на рэагаванне на гэтыя мерапрыемствы. У нас у гэтым годзе вельмі вырас узровень агульнай злачыннасці, п’янай злачыннасці, мы не да канца выканалі свае службовыя паўнамоцтвы ў папярэджанні хатняга гвалту, побытавых злачынстваў. У той час як супрацоўнікі міліцыі на гэтых мітынгах знаходзяцца, у іншых месцах нашага раёну не спыняюцца правапарушэнні. На саміх гэтых мітынгах, як правіла, акрамя парушэння артыкула 23.34 іншых правапарушэнняў няма».

Пасля гэтага на судовым паседжанні пачалося абвяшчэнне пісьмовых матэрыялаў справы, якое да канца другога паседжання не сконылася. Абвешчаны перапынак да 15 гадзіны 18 снежня.