«Тэтрыс» з людзей у калідоры РАУС. Як здзекваліся з затрыманых у Светлагорску (ВІДЭА)

Палеская Вясна 16.09.2020

>>

Як і ва ўсіх беларускіх гарадах жыхары Светлагорска пасля глабальнага падману на прайшоўшых прэзідэнцкіх выбарах выйшлі ў цэнтр свайго горада, каб выказаць нязгоду з тым, што адбылося і запатрабаваць справядлівасці.


Антон КАЗМЯРЧУК

10 жніўня па горадзе прайшло шэсце. Антон Казмярчук у самім шэсці ўдзелу не браў, але, калі яно праходзіла паўз цэнтральную плошчу горада, ён таксама там знаходзіўся і падтрымліваў воклічы актыўных пратэстоўцаў.  Тады ж проста на плошчы яго затрымалі і пацягнулі праз яе ў РАУС, які месціцца на іншым краі плошчы. Пры гэтым Антон не аказваў супраціву, але ў выніку на яго склалі пратакол за непадпарадкаванне патрабаванням міліцыі.

 

Тое, што адбывалася з затрыманымі ў калідоры РАУС – гэта прыніжэнне чалавечай годнасці і здзек, які недапушчальны. Там не менш, светлагорскія міліцыянты такім чынам забаўляліся і адначасова запужвалі затрыманых, каб яны больш не наважваліся выступаць супраць дзеючай улады.


Як распавядае Антон, да ягоных закаваных у кайданкі рук нейкім чынам прыцягнулі і прымацавалі сагнутыя ногі. Ён не мог бачыць чым, магчыма, іншымі кайданкамі. Пры гэтым людзі ляжалі на падлозе на жыватах. Гэтую позу называлі «ластаўка». Калі ж прыводзілі новых затрыманых, тых, хто ўжо лажаў у калідоры, прымушалі паўзці на жывае далей, называючы гэта «тэтрысам» альбо «дэрбі».




Не адпавядалі патрабаванням міжнародных стандартаў утрымання людзей пад вартай і камеры ізалятара часовага ўтрымання. Колькасць тых, хто там утрымліваўся, перавышала колькасць спальных месцаў. У камерах адсутнічаюць вокны і туды не трапляе дзённае святло. Прыбіральня размешчаная проста ў камеры і ніяк не закрытая.




Судовыя паседжанні над затрыманымі адбываліся проста ў ІЧУ і насілі закрыты характар. Ніхто не мог трапіць на паседжанне. Судзілі ўсіх «двойкі» ў складзе суддзі і сакратара.  


З-за таго, што колькасць затрыманых і арыштаваных у Светлагорску ў першыя паслявыбарчыя дні перавышала магчымасць размяшчэння ў ІЧУ нават з улікам таго, што многія спалі проста на падлозе, арыштаваных перавозілі адбываць пакаранне ў размешчаны на ўскрайку горада лячэбна-працоўны прафілакторый, прызначаны для прымусовага лекавання алкагалізму.



Пасля вызвалення Антон Казмярчук абскардзіў ва Упраўленне ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкама і ў Следчы камітэт абыходжанне з ім пры затрыманні ў і Светлагорскім РАУС. Але скарга перанакіравана для разгляду тым, на каго Антон і скардзіўся – Светлагорскаму РАУС. Начальнік РАУС Аляксандр Зязётка паведаміў Казмярчуку, што ягоная скарга прынятая да ведама, сілу і спецыяльныя сродкі дазваляе ўжываць закон «Аб органах унутраных справаў», а, калі ён лічыць, што яны ўжытыя неправамоцна, то можа скардзіцца куды хоча (як піша Зязётка, «суд, прокуратура и т.д.»).


Пры гэтым  Зязётка не абцяжарвае сябе абгрунтаваннем неабходнасці ўжывання сілы і спецсродкаў да Казмярчука. Таксама начальнік РАУС проста ігнаруе апісанае ў скарзе прыніжальнае і бесчалавечнае стаўленне і здзекі з затрыманых у калідоры ягонай арганізацыі, дэманструючы ўпэўненасць у тым, што яму і ягоным падначаленым за гэтыя «ластаўкі» і «тэтрысы» пакарання не будзе.