У Светлагорску пачаўся суд над мужчынам за допісы ў тэлеграм-чаце, якія расцэньваюць як арганізацыю масавых беспарадкаў
Андрусь ГАЁВЫ
03.12.2020
Жыхар горада
выказваў свае меркаванні пра тое, як лепей супрацьстаяць гвалту міліцыі падчас
мірных сходаў адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў. Яго абвінавачваюць у
арганізацыі масавых беспарадкаў.
«Арганізаваў групавыя дзеянні»
Справу па абвінавачванні жыхара Светлагорска Сяргея Міраеўскага ў арганізацыі
групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з
адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і тых,
якія пацягнулі за сабой парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, установаў
ці арганізацыяў (частка 1 артыкула 342) разглядае суддзя Аляксандр Валодзькін. Дзяржаўным абвінаваўцам выступае старшы
памочнік пракурора раёну Дзяніс Раманчыкаў.
Як вынікае з абвінавачвання, 11 жніўня Сяргей Міраеўскі, «маючы задуму на
арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам
размяшчэння ў тэлеграм-канале «Светлогорск для жизни» рэкамендацыяў і
інструкцыяў», арганізаваў групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і
спалучаныя з адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў
улады. У прыватнасці ён прапанаваў месца збору ўдзельнікаў – каля гандлёвага
цэнтру «Бярозкі», трымацца групамі па 70-100 чалавек, блакаваць аўтамабілямі
пад’езды да месцаў збору, арганізаваць засады ў дварах прылеглых дамоў, і, калі
там міліцыянты будуць пераследаваць людзей, якія ўцякаюць, самім затрымліваць
міліцыянтаў, здымаць з іх спецвопратку і фіксаваць іх пластыкавымі сцяжкамі ці
скотчам. Раіў, што паддоны, якія захоўваюцца за адным з гадлёвых
прадпрыемстваў, можна выкарыстаць як шчыты, каб хавацца за імі, калі і ў
Светлагорску сілавікі будуць ужываць светла-шумавыя гранаты ці гумавыя кул
«Пісаў на эмоцыях»
Сяргей
Міраеўскі віну прызнаў цалкам. Пры гэтым ён патлумачыў, што быў узрушаны тымі
навінамі і відэазапісамі, якія прыходзілі з розных гарадоў краіны, у тым ліку і
са Светлагорска.
«Я нагледзеўся, як неабгрунтавана
жорстка збівалі людзей у Мінску. Нехта ў чаце распавёў, як у Светлагорску
сталага мужчыну міліцыянт ударыў у грудзі. Гэта мяне моцна ўзрушыла. Апошняй
кропляй стала мая спрэчка з удзельнікам чату, які прадстаўляўся супрацоўнікам
МУС і пісаў, што яны не народ абараняюць, а краіну ад такіх, як я, абараняюць. Я
хацеў, каб гэты гвалт спыніўся. Я пісаў, што, калі налятаюць натоўпам і
збіваюць, то гэты гвалт працуе ў абодва бакі. То бок, варта, як супрацоўнікі міліцыі
нас, так і мы іх. Я даводзіў, што на плошчы ўсіх проста затрымаюць, магчыма саб’юць.
А, калі сабрацца каля “Бярозак”, дык у выпадку абвастрэння сітуацыі можна ўцячы
ў прылеглы лясны масіў. Ды і людзей каля “Бярозак” ходзіць значна больш. Блакаваць
дарогі я таксама прапанаваў з мэтаю пазбегнуць людзям затрымання ў аўтазакі і
збіцця там. Гэтым самым я проста хацеў, каб людзі пазбеглі большага гвалту».
Сяргей на судзе шмат разоў паўтарыў, што не думаў, што ягонымі прапановамі
нехта ўскарыстаецца. Яму некалькі разоў прапанавалі ўзяць на сябе кіраванне
тымі дзеяннямі, якія ён прапанаваў. Але ён ігнараваў такія допісы. Тыя ж
паведамленні, якія ставяцца яму ў віну, паводле сцвярджэння Міраеўскага, ён
пісаў на эмоцыях.
Арганізаваў тое, чаго не было
Нягледзячы на тое, што нічога з таго, што пісаў у сваіх паведамленнях у
Тэлеграм-чаце Сяргей Міраеўскі, не адбылося ў рэчаіснасці, яго вінавацяць
менавіта ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і
пацягнулі парушэнне працы арганізацыяў (органаў правапарадку).
Сведкай у судзе выступіў начальнік аддзялення на наркакантролю і
супрацьдзеянні гандлю людзьмі Юрый
Гарбачоў. Паводле ягонага сведчання, ён 11 жніўня выконваў маніторынг тэлеграм-чатаў
і ў чаце «Светлогорск для жизни» ўбачыў паведамленні Сяргея. А ў тэлефоннай
кнізе міліцыянта быў кантакт Міраеўскага, таму ў Тэлеграме для яго Сяргей быў
падпісаны так, як у тэлефоннай кнізе. Раней гэты супрацоўнік служыў у
крымінальным вышуку і займаўся пошукам скрадзеных тэлефонаў, а ў Сяргея
Міраеўскага была ўласная майстэрня рамонту тэлефонаў, таму Гарбачоў з ім
кантактаваў. Прачытаўшы паведамленні Міраеўскага, Грабачоў даклаў пра іх
начальніку РАУС, і потым пад сам кіраваў затрыманнем Сяргея.
Двое сведак не здолелі прыйсці на паседжанне. Паводле непацьверджанай
інфармацыі, агучанай падчас паседжання, абодва яны хварэюць. У сувязі з гэтым у
судзе абвешчаны перапынак да 15 гадзіны 11 снежня.