>>
За парады жыхарам гораду ў інтэрнэт-абмеркаванні як лепей ратавацца ад гвалту сілавікоў у Светлагорску, раённы суд прысудзіў два з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Сяргей МІРАЕЎСКІ падчас суда ў Светлагорску.
Сяргея
Міраеўскага вінавацілі ў тым, што ён 11 жніўня 2020 года нібыта арганізаваў
групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з
адкрытым непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (частка
1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэкса).
Уся ягоная «арганізацыя» палягала ў тым, што 27-гадовы жыхар Светлагорска падчас інтэрнэт-абмеркавання ў тэлеграм-канале «Светлогорск для жизни» гвалтоўных дзеянняў сілавікоў у сваім горадзе прапанаваў светлагорцам для пратэстаў збірацца не на цэнтральнай плошчы, а каля гандлёвага цэнтру «Бярозкі», да якога прылягае лясны масіў, дзе можна схавацца ад гвалту, трымацца групамі па 70-100 чалавек, блакаваць аўтамабілямі пад’езды да месцаў збору, арганізаваць засады ў дварах прылеглых дамоў, і, калі там міліцыянты будуць пераследаваць людзей, якія ўцякаюць, самім затрымліваць міліцыянтаў, здымаць з іх спецвопратку і фіксаваць іх пластыкавымі сцяжкамі ці скотчам. Раіў, што паддоны, якія захоўваюцца за адным з гадлёвых прадпрыемстваў, можна выкарыстаць як шчыты, каб хавацца за імі, калі і ў Светлагорску сілавікі будуць ужываць светла-шумавыя гранаты ці гумавыя кулі.
У Сяргея на выхаванні знаходзяцца двое дзяцей, аднаму з якіх шэсць гадоў, а
другому цяпер крыху больш за два месяцы. Пры гэтым на працы ягонай жонкі маюцца
праблемы з выплатай заробку – яго часта затрымліваюць. Таму фактычна адзіным
карміцелем у сям’і быў Сяргей, які працаваў майстрам у фірме па рамонце кампутарнай
тэхнікі.
Жорсткі прысуд 21 снежня 2020 году вынес суддзя суда Светлагорскага раёну Аляксандр Валодзькін. Ён вырашыў, абмежаваць волю Сяргея Міраеўскага з накіраваннем яго ва ўстанову адкрытага тыпу на 2 гады і 6 месяцаў. Старшы памочнік пракурора Светлагорскага раёну Таццяна Хрысцюк, якая выступала на працэсе дзяржабвінаваўцам, прасіла пакараць яго яшчэ большым тэрмінам абмежавання волі – максімальна магчымымі паводле гэтага артыкула трыма гадамі, з накіраваннем у папраўчую ўстанову.
____________________________________________________
Чытайце таксама:
____________________________________________________
10 лютага апеляцыю Сяргея Міраеўскага разгледзела судовая калегія па
крымінальных справах Гомельскага абласнога суда. Дакладаў пра справу
Міраеўскага суддзя Мельнікаў. У
выніку разгляду абласны суд пастанавіў адмовіць у задавальненні скаргі і
пакінуў прысуд суда Светлагорскага раёну без зменаў.