Як малюнак на плоце 2 месяцы быў выявай і нічога не парушаў, а потым стаў пікетам. У Калінкавічах суддзя склала матывіроўку свайго рашэння
Андрусь ГАЁВЫ
02.03.2021
>
Гаспадыня
падворка з БЧБ-муралам атрымала матывацыйную частку да рашэння аб штрафе ёй.
Аргументы суддзі вартыя таго, каб з імі пазнаёмілася грамадскасць.
Суддзя суда Калінкавіцкага раёна Святлана Кугейка прыдумала, як абгрунтаваць сваё рашэнне аб штрафе
мясцовай жыхарцы Валянціне Яшчанка
за размешчаны ўнутры яе двара малюнак вершніка на фоне белага і чырвонага
колераў.
Валянціна ЯШЧАНКА на судзе.
24 лютага Святлана Кугейка вынесла пастанову паводле
адміністрацыйнай справы, у якой Валянціну Яшчанка абвінавачвалі ў парушэнні
парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Участковы інспектар
Калінкавіцкага РАУС В. Станавоў угледзеў пікетаванне ў
намаляваным яшчэ ў лістападзе на ўнутраным баку агароджы яе прыдамавога ўчастку
вершніку на фоне белага і чырвонага колераў. Пры гэтым, Станавоў называў
персанаж электроннай гульні гербам «Пагоня», а тры ўчасткі плоту рознай плошчы, пафарбаваныя ў
белы і чырвоны колеры «развивающимся
бело-красно-белым флагом».
Валянціна Яшчанка абгрунтоўвала, што гэтая выява не можа
лічыцца гербам «Пагоня» і бел-чырвона-белым сцягам, бо зусім не падобная на выявы герба і сцяга,
якія былі зацверджаныя адпаведнымі законамі ў 1991 годзе. Акрамя таго, падчас
пікетавання неабходнай умовай з’яўляецца выказванне нейкіх грамадска-палітычных
цікавасцяў альбо пратэсту. Якія канкрэтна цікавасці выказвала Яшчанка выявай у
сваім двары, у матэрыялах справы не ўказана.
Але ў матэрыялах справы маецца рапарт участковага
інспектара А. Дулуба ад 8 лістапада
2020 года, у якім ён паведаміў начальніку Калінкавіцкага РАУС, што ён выявіў на
агароджы ў падворку Яшчанкі выяву, пра якую вядзецца гаворка. Пазней да яе
двара прыязджаў нават
намеснік начальніка РАУС Дзмітрый Волек.
Па факце выяўлення выявы быў распачаты адміністрацыйны працэс і ў межах яго
праведзеная праверка. Міліцыянты шукалі ў дзеяннях Валянціны Яшчанка прыкметы
правапарушэння паводле артыкула 21.14 КабАП. Але не знайшлі і вынеслі пастанову
аб спыненні ў дачыненні Яшчанка адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з адсутнасцю
ў яе дзеяннях складу адміністрацыйнага правапарушэння. Гэтая пастанова не была
адмененая і ў іншае правапарушэнне дзеянні Яшчанка ва ўсталяваны законам тэрмін
не былі перакваліфікаваныя
Артыкул 9.6 ПВКабАП прадугледжвае сярод іншага, што
падставамі для спынення адміністрацыйнага працэсу з’яўляюцца адсутнасць у
дзеяннях складу правапарушэння альбо падзеі правапарушэння, мінаванне тэрміну
прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і наяўнасць па тым самым факце
неадмененай пастановы аб спыненні адміністрацыйнага працэсу. Менавіта паводле
гэтых падставаў Валянціна Яшчанка і прасіла спыніць адмністрацыйны працэс.
Але Святлана Кугейка ў сваёй пастанове хоць і не прызнала
Валянціну Яшчанка вінаватай у здзяйсненні правапарушэння, прадугледжанага
часткай 1 артыкула 23.34 КабАП, але аштрафавала на падставе гэтай часткі гэтага
артыкула на 290 рублёў. 2 сакавіка яна даслала Валянціне матывацыйную частку да
свайго рашэння.
У ёй яна цалкам праігнаравала довады Яшчанка, што выява
нават аддалена не адпавядае выявам герба «Пагоня» і нацыянальнага сцяга. Але ад
сябе ўдакладніла тое, што не напісаў орган, які накіраваў справу ў суд на
разгляд, што, маўляў, гэтая выява «как
символ протестного движения против действующей власти». На чым грунтуецца яе такая выснова, Кугейка не
тлумачыць, але заключае, што ў гэтай сувязі Яшчанка «действовала с целью
публичного выражения общественно-политических интересов и являлась участником
массового мероприятия (пикетирования)». Прычым, у апісанні выявы, яна пераклала
надпіс, зроблены на ёй («Нас не стрымаць!») на невядомую мову, запісаўшы яго
нібыта па-расійску – «Нас не стрымать», хаця ў расійскай мове няма слова «стрымать».
Але найбольш цікавым з’яўляецца абгрунтаванне Святланы Кугейка таго, што
тэрмін выкрыцця правапарушэння трэба адлічваць не з моманту, калі органу, які
вёў адміністрацыйны працэс, фактычна стала вядома аб факце наяўнасці выявы на
плоце (8 лістапада 2020 года), а ад 14 студзеня 2021 года. Яна спасылаецца на
пастанову Пленуму Вярхоўнага Суда, дзе сказана, што днём выкрыцця працяглага
правапарушэння з’яўляецца дзень, калі ўпаўнаважаным органам фактычна выкрытыя
абставіны, якія ўказваюць на невыкананне асобай патрабаванняў заканадаўства, за
невыкананне якіх прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Здавалася б, як раз
такое фактычнае выкрыццё і адбылося 8 лістапада 2020 года і адлюстравана ў
адпаведным рапарце супрацоўніка ўпаўнаважанага органа (Калінкавіцкага РАУС),
участковага інспектара Дулуба.
Але Кугейка сцвярджае, што тады, у лістападзе 2020 года, правапарушэнне
проста было пачатае. А выкрыта яно 14 студзеня 2021 года, калі іншы ўчастковы
інспектар – В. Гецман, склаў
пратакол агляду месца здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння. Тое, што
міліцыянты і раней бачылі, што робіць Яшчанка, на думку Кугейка, сведчыць толькі
пра тое, што «правонарушение было
длящимся и характеризовалось стойким противоправным поведением Ященко». Вось толькі ў такім
выпадку атрымліваецца, што супрацоўнікі міліцыі, якія раней бачылі «стойкое противоправное поведение» і не складалі пратаколу
паводле артыкулу 23.34, не проста патуралі такім паводзінам
і пакрывалі парушэнне закону, але і саўдзельнічалі ў правапарушэнні?
Не менш уражвае і абгрунтаванне Святланай Кугейка таго,
што раней прынятая і не адмененая пастанова аб спыненні пераследу па гэтым
самым факце не вартая разгляду. Маўляў, у ёй пазначана, што ў дзеяннях Яшчанка
няма складу правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 21.14, а пра 23.34 там не
сказана. Тое, што пункт 9 часткі 1 артыкула 9.6 ПВКабАП гаворыць не пра
прыкметы нейкага канкрэтнага правапарушэння, якім могуць кваліфікаваць дзеянні
асобы, а пра сам факт нейкіх дзеянняў, паводле якога ёсць неадмененая
рэабілітуючая пастанова, суддзя Кугейка ў сваёй матывіроўцы ігнаруе.
Валянціна Яшчанка мае намер абскарджваць такую пастанову.
Але тым не менш, яна вымушаная была пакуль закрыць мурал на сваім плоце, каб
пазбыцца міліцэйскай сваволі і беззаконня, якое, як бачна, падтрымліваецца і
судовай сістэмай. Покрыва выявы муралу Валянціна зафарбавала аднатоннай чорнай
фарбай…