Гаспадыню БЧБ-мурала ў Калінкавічах аштрафавалі на 290 рублёў, не прызнаўшы вінаватай у правапарушэнні

Андрусь ГАЁВЫ 24.02.2021

>

Разгляд справы па абвінавачванні жыхаркі Калінкавічаў у правапарушэнні, прадугледжаным часткай 1 «народнага» артыкулу 23.34 працягваўся на трох пасяджэннях і скончыўся няпэўнасцю. Юрыдычна яна не вінаватая ў здзяйсненні правапарушэння, але падвергнутая штрафу.


Валянціна ЯШЧАНКА.

На першым пасяджэнні 17 лютага Валянціна Яшчанка, якая змясціла на ўнутраным баку агароджы свайго падворку на вуліцы Геолагаў у Калінкавічах выяву вершніка з мячом і шчытом на фоне белага і чырвонага колераў, не прызнала сваёй віны і хадайнічала аб спыненні адміністрацыйнай справы. Гэтаму яна прывяла тры падставы.

Яна лічыць, што ў яе дзеяннях няма складу адміністрацыйнага правапарушэння, бо ў матэрыялах справы не згадана, якія ж канкрэтна грамадска-палітычныя, групавыя альбо асабістыя цікавасці альбо пратэст супраць чаго выказала яна праз размяшчэнне выявы на плоце. А менавіта выказванне гэтых цікавасцяў альбо пратэсту з’яўляецца кваліфікуючай прыкметай пікетавання, якое ставіцца ёй у віну.

Яшчэ адной падставай для спынення адміністрацыйнага пераследу Валянціна лічыць мінаванне тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Факт размяшчэння выявы быў выяўлены органам, які вёў гэты адміністрацыйны працэс – Калінкавіцкім РАУС, 8 лістапада 2020 года. Пра гэта ў матэрыялах справы нават маецца рапарт участковага інспектара міліцыі маёра Дулуба. Такім чынам, прадугледжаныя адміністрацыйным кодэксам для прыцягення да адказнасці 2 месяцы з моманту выяўлення працяглага правапарушэння мінулі 9 студзеня.

Акрамя гэтага, адразу пасля выяўлення факту размяшчэння на плоце выявы, Калінкавіцкі РАУС узбудзіў адміністрацыйны працэс і праводзіў праверку з гэтай нагоды. Але 18 лістапада сам жы вынес пастанову аб спыненні адміністрацыйнага працэсу ў сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Валянціны Яшчанкі складу адміністрацыйнага правапарушэння. Гэтая пастанова не адмененая. Законам прадугледжана, што гэта з’яўляецца падставай, якая выключае новы адміністрацыйны працэс.

17 лютага, выслухаўшы довады Яшчанка, суддзя Святлана Кугейка, якая разглядала справу, абвясціла перапынак, каб атрымаць з Калінкавіцкага РАУС матэрыялы праверак паводле факту выяўлення выявы, а таксама паводле заяваў Валянціны аб псаванні выявы і крадзяжы брамкі падворку.

Пасяджэнне працягнулася 23 лютага. Калінкавіцкі РАУС прадставіў толькі матэрыялы лістападаўскіх праверак паводле заяваў Яшчанка аб псаванні выявы на плоце і крадзяжы брамкі. Вінаватых РАУС тады не знайшоў. Матэрыялы праверкі па факце размяшчэння выявы вершніка на фоне белага і чырвонага колераў, у выніку якой была вынесеная пастанова аб спыненні адміністрацыйнага працэсу, РАУС у суд не прадставіў.

Таксама на другім паседжанні прагледзелі відэазапісы, якія Валянціна папрасіла далучыць да матэрыялаў справы. На іх бачна, што супрацоўнікі міліцыі, у тым ліку намеснік начальніка РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі падпалкоўнік Дзмітрый Волек, неаднаразова знаходзіліся ў двары Валянціны ў непасрэднай блізкасці ад выявы і абмяркоўвалі яе з гаспадыняй. Гэта было 9 і 14 лістапада.

Пасля прагляду відэа і агалошвання пісьмовых матэрыялаў справы суддзя Кугейка зноў абвясціла перапынак на суткі. Наступнае пасяджэнне мусіла пачацца 24 лютага а 9.30.

24 лютага, калі ўсе ахвочыя падтрымаць Валянціну сабраліся ў судовай залі, ім давялося чакаць пачатку пасяджэння каля 40 хвілін. Сакратарка паведаміла, што рыхтуецца судовая пастанова.

Суддзя Святлана Кугейка ўвайшла ў залу толькі ў пачатку на 11-ю. Яна задала Валянціне Яшчанка яшчэ некалькі пытанняў. У прыватнасці спрабавала высветліць хто намаляваў на плоце выяву. Валянціна адказала, што гэта зрабіў чалавек, які дапамагаў ёй на інвалідным вазку пераадолець вялізную лужыну, якая маецца на яе вуліцы. Яны разгаварыліся і ён прапанаваў аздобіць шэрую бетонную пліту. Макет выявы прапанавала Валянціна. І на працягу адной-двух гадзін неззнаёмы мастак зрабіў выяву.  

Таксама Кугейка пацікавілася адкуль сума ўрону ў 50 рублёў, якую яна заявіла падчас звароту ў РАУС з заявай аб псаванні выявы. Валянціна патлумачыла, што гэта мінімальны кошт выдаткаваных сродкаў, бо нейкую суму патрабаваў пазначыць міліцыянт, які яе апытваў.


Адразу пасля гэтых пытанняў Святлана Кугейка зачытала пастанову. У ёй яна пастанавіла «Яшчанка Валянціну Віктараўну на падставе часткі 1 артыкула 23.34 КабАП Рэспублікі Беларусь падвергнуць адміністрацыйнаму спагнанню ў выглядзе штрафа ў даход дзяржавы ў памеры 10 базавых вялічыняў, што складае 290 рубёў». Пры гэтым прызнання Валянціны Яшчанка вінаватай у здзяйсненні якога-небудзь адміністрацыйнага правапарушэння ў пастанове няма.

Валянціна Яшчанка мае намер абскарджваць гэтую пастанову і абараняць свае правы на самым высокім узроўні.