У Калінкавічах у прыватным двары намалявалі мурал. Цяпер з ім змагаюцца камунальнікі і міліцыя
Палеская Вясна
09.11.2020
>>
У адным з
прыватных двароў на вуліцы Геолагаў у Калінкавічах 7 лістапада з’явіўся бел-чырвона-белы
мурал. Пасля абеду 8 лістапада, пакуль гаспадароў не было дома, работнікі
жыллёва-камунальнай гаспадаркі зафарбавалі яго брудна-чырвонай фарбай. Але
калінкавіцкія актывісты, сабраўшыся вялікай талакой, ужо ўвечары яго адмылі.
Мурал пасля таго, як яго замазалі работнікі ЖКГ.
А 10-й гадзіне
раніцы 9 лістапада да двара, у якім размешчаны мурал, прыехаў нарад міліцы і
крыху пазней зноў брыгада камунальнікаў з вёдрамі фарбы. Паколькі гаспадары
адмовіліся пускаць няпрошаных гасцей у двор, да месца прыбыў ажно намеснік
начальніка Калінкавіцкага РАУС, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Дзмітрый Воляк. Ён спрабаваў даведацца
права валодання і пражывання гаспадарамі кватэры, ля якой намалявалі мурал.
Гаспадыня паказала яму прапіску ў гэтым адрасе ў пашпарце. Але ён усё адно
хацеў нейкія дакументы, маўляў, трэба ўпэўніцца ў законнасці гэтай прапіскі,
што гэта жылое памяшканне.
Пасля таго, як тое, што адбывалася, гаспадары пачалі
здымаць на відэа, камунальнікі з’ехалі. Міліцыянты пакінулі гэтае месца пасля
нейкага часу спрэчак, паабяцаўшы выклікаць гаспадароў позвамі ў міліцыю.
«Па нашай вуліцы
ходзіць гарадскі грамадскі транспарт, таму наш мурал бачаць многія жыхары
горада, відаць таму ён і прыцягнуў такую пільную ўвагу ўлады. Канешне, тое, што
міліцыя займаецца знішчэннем муралу толькі за прысутнасць на ім белага і
чырвонага колераў, выглядае абсурдна. Відаць сапраўдныя злачынствы і парушэнні
закону ў горадзе ўжо цалкам выкараненыя. Але я лічу, што мы ніякія законы не
парушалі. Самім цікава, абвінавачванне ў парушэнні якога артыкула якога закона
яны для нас прыдумаюць», – пракаментаваў сітуацыю гаспадар двара, дзе
змешчаны мурал.