«Согласно журнала… нарушений не установлено». У Светлагорску пракурор адказаў на скаргу пра ўмовы ўтрымання ў мясцовым ІЧУ
Андрусь ГАЁВЫ
01.03.2021
Адзін з жыхароў
Светлагорска, пасля таго, як адбыў у Ізалятары часовага ўтрымання мясцовага
РАУС двое сутак да суда, падаў скаргу ў пракуратуру на ўмовы ўтрымання, якія
прыніжаюць чалавечую годнасць. Але ў пракурора раёна на гэты конт уласнае
гледзішча, якое цяжка патлумачыць з пазіцыяў звычайнай логікі.
«У студзені мяне
ў суботу выклікалі ў РАУС і адтуль ужо не выпусцілі. Затрымалі нібыта за ўдзел
у несанкцыянаваным мерапрыемстве – рэквіеме памяці Рамана Бандарэнкі каля
помніка Звон жалобы. Змясцілі ў Светлагорскі ІЧУ. Тыя ўмовы, у якіх там утрымліваюць
людзей – гэта здзек з чалавечай годнасці. Мне адразу выдалі матрац, коўдру, падушку
і пасцельную бялізну. Але праз некалькі хвілін прыйшлі і бялізну забралі,
сказалі, што да суда не палагаецца. Міску і лыжку далі, а кубкаў не было. Была
адна абрэзаная зверху паўтаралітровая пластыкавая пляшка, з якой усе ў камеры і
пілі. Праз два дні мяне вызвалілі. Па выхадзе з гэтага ІЧУ я мусіў сыйсці на
бальнічны на два тыдні, бо праз тую пляшку, адну на ўсіх, заразіўся. На шпацыры
нас увогуле ні разу не вадзілі, трымалі як свінняў у хляве бязвылазна. А людзі
ж сядзяць там і па 15 сутак!», – распавёў Валерый Найдзёнік, якому праз дзень
пасля вызвалення прысудзілі
9 сутак арышту.
___________________________________________________
Чытайце таксама:
___________________________________________________
Валерый абскардзіў умовы свайго ўтрымання ў пракуратуру
Светлагорскага раёну. І пракурор Аляксандр
Яўсеенка, як ён паведаміў, правёў праверку. Натуральна, парушэнняў з боку
супрацоўнікаў РАУС Яўсеенка не знайшоў.
Пракурор патлумачыў, што паводле Правілаў утрымання
фізічнай асобы, у дачыненні якой ужыта адміністрацыйнае затрыманне, такім
асобам, затрыманым больш як на 12 гадзін, мусяць выдавацца пасцельныя прылады і
бялізна, сродкі асабістай гігіены, а таксама посуд – міска, лыжка і кубак.
«...согласно журнала покамерного учета лиц, содержащихся в
ИВС, было предоставлено спальное место в камере № 2, а также выданы постельные
принадлежности и постельное белье (матрац, подушка, одеяло, простыни, наволочки
и полотенце)», – паведамляе
пракурор Аляксандр Яўсеенка ў выніку
праверкі.
Таксама пракурор падрабязна працытаваў патрабаванне
згаданых ім правілаў наконт абавязковасці прадстаўлення адміністрацыйна
затрыманым магчымасці штодзённых шпацыраў працягласцю не менш за 2 гадзіны. Вязні
Светлагорскага ІЧУ такой магчымасці не маюць увогуле.
«В ходе проверки установлено, что ИВС Светлогорского РОВД
находится в эксплуатации с 1963 года, при этом проект строительства здания ОВД
на момент его постройки и введения в эксплуатацию, не предусматривал устройства
в ИВС прогулочного двора, с связи с чем, предоставить лицам, содержащимся в ИВС
возможность осуществления ежедневных прогулок, в настоящее время не
представляется возможным», – распавёў у
адказе пракурор Аляксандр Яўсеенка вынікі сваёй праверкі (мова, стылістыка і
пунктуацыя аўтара захаваныя).
Тым не менш, на думку Аляксандра Яўсеенкі, пракурора
раёна, які мусіць сачыць за бездакорным выкананнем законаў, «в ходе проведенной проверки […] нарушений законодательства со стороны сотрудников
ИВС Светлогорского РОВД не установлено. Оснований для принятия мер прокурорского реагирования не имеется».
Здавалася б, відавочная лагічная супярэчнасць паміж тым,
што правілы патрабуюць абавязковай магчымасці штодзённых шпацыраў, а ў
Светлагорскім ІЧУ няма нават двара дзе іх ажыццяўляць, пракурорам раёну
праігнараваная і як парушэнне не расцэньваецца. Кругласуткавае знаходжанне
людзей у закрытым памяшканні без свежага паветру і сонечнага святла ён не
лічыць не толькі катаваннем, але і парушэннем прынятых сваім жа рэжымам
правілаў.
«Акрамя мясцовых правілаў утрымання
адміністрацыйна затрыманых, а таксама тых, якія тычацца ўжо адміністрацыйна
арыштаваных, існуюць і міжнародныя дакументы ў галіне правоў чалавека, якія
рэгулююць правы зняволеных. Гэта Канвенцыя супраць катаванняў, якая лічыць
катаваннем не толькі фізічныя, але і маральныя пакуты і бесчалавечнае
абыходжанне, а таксама Мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са
зняволенымі, прынятыя на Кангрэсе ААН яшчэ ў 1955-м годзе (да пабудовы
Светлагорскага ІЧУ). І імі прадугледжана, што “ўсе зняволеныя, не занятыя
працай на свежым паветры, маюць штодня права па меншай меры на гадзіну прыдатных
фізічных практыкаванняў на двары, калі гэта дазваляе надвор'е”. У нашым жа ІЧУ нават няма двара для
шпацыру. Адпаведна, наш ізалятар папросту непрыдатны для ўтрымання затрыманых і
арыштаваных. Людзей нельга трымаць у такіх умовах. І пракуратура тут павінна не
патураць парушэнням міліцыі, якая апраўдвае іх даўнасцю пабудовы сваіх
будынкаў, а патрабаваць безумоўнага выканання правілаў», – лічыць
кіраўніца Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова, якая сама прайшла
засценкі Светлагорскага ІЧУ яшчэ напярэдадні леташніх выбараў.