Чатыры прысуды за два дні. У Светлагорску масава рэпрэсуюць людзей за рэквіем каля помніка «Жалобны звон»
Палеская Вясна
12.01.2021
>
13 лістапада мінулага
года некалькі жыхароў Светлагорска сабраліся каля помніка «Жалобны звон» каб
ушанаваць памяць загінулага ў Мінску Рамана Бандарэнкі. Тады яны запалілі
знічы, якія паставілі ля помніка, прамовілі некалькі жалобных прамоваў. У
апошнія дні перад сканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці
у раённым судзе аўрал – тэрмінова судзяць удзельнікаў нібыта несанкцыянаванага
масавага мерапрыемства.
6 студзеня а 21-й гадзіне вечара з дому міліцыянты
забралі Алену Навумовіч. Тады яе
пратрымалі ў РАУС 3 гадзіны 20 хвілін і вызвалілі, уручыўшы позву з’явіцца ў
РАУС на 11 студзеня. 11 студзеня яе адразу з РАУС завезлі ў суд. Там суддзя Уладзімір Сцяпанаў прысудзіў Алене
штраф памерам 20 базавых вялічыняў.
8 студзеня ў РАУС выклікалі позваю Анатоля Кнігу. Калі ён туды з’явіўся, яго змясцілі ў ізалятар
часовага ўтрымання і трымалі ў няволі ад жа 11 студзеня. У гэты дзень адбыўся
суд, на якім Анатоль Кніга заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі
справы, таму ў судзе абвясцілі перапынак да 12 студзеня.
9 студзеня ў РАУС выклікалі мужа і жонку Валерыя і
Наталлю Найдзёнік. Валерыя пакінулі ў вязніцы. А Наталлю ў той жа дзень
адпусцілі, уручыўшы позву ў суд на 12 студзеня. Валерыя вызвалілі 11 студзеня,
выклікаўшы на 12 студзеня ў суд.
Перад пачаткам аднаго з «канвеерных» судовых пасяджэнняў.
12 студзеня ў судзе Светлагорскага раёна вынеслі ажно тры
прысуды ўдзельнікам рэквіему па Рамане Бандарэнку. Анатолю Кнігу усё той жа суддзя Уладзімір Сцяпанаў прысудзіў 15 сутак арышту. Наталлю Найдзёнік
гэты ж суддзя Уладзімір Сцяпанаў аштрафаваў
на 15 базавых велічыняў, а Валерыя Найдзёніка
той самы суддзя Уладзімір Сцяпанаў пастанавіў
зняволіць на 9 сутак. Пакуль прысуды не набылі законнай сілы Анатоль Кніга і Валерый Найдзёнік засталіся на волі.
Усе рэпрэсаваныя былі прызнаныя вінаватымі ва ўдзеле ў
несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паводле «народнага» артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.