У кастрычніку – дні народзінаў у трох палітзняволеных у Мазырскім раёне

Цімур Казачэнка 01.10.2022

>

У трох палітычных зняволеных, якія знаходзяцца ў калоніі № 20 і папраўчай установе адкрытага тыпу № 21 у Мазырскім раёне, у кастрычніку – дні нараджэння. Іх можна павіншаваць, даслаўшы паштоўку, ліст альбо тэлеграму.

10 кастрычніка дзень народзінаў адзначае палітзняволены Раман Смолькін з Салігорска Мінскай вобласці, які адбывае пакаранне ў 9 месяцаў пазбаўлення волі. Яму можна пісаць на адрас: папраўчая калонія № 20, Міхалкаўскі сельсавет, 70, Мазырскі р-н, Гомельская вобл., 247755. У дадзенай калоніі на цяперашні час 3 палітзняволеных.

11 кастрычніка свой дзень народзінаў адзначыць Яўген Калпачык з Брэста, якому споўніцца 31 год. Ён і яшчэ 9 чалавек асуджаны па адной крымінальнай справе за удзел у масавай акцыі, якая адбылася 13 верасня 2020 года ў Брэсце, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Прыгавор вынес 25 лютага 2021 г. суд Ленінскага раёна г. Брэста паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Пакаранне – 1,5 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) – грамадзянін адбывае з 6 чэрвеня 2021 г., а 8 чэрвеня 2021 г. праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

30 кастрычніка 24-годдзе адзначыць Дзмітрый Іваноў, які асуджаны на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – па тым жа самым артыкуле 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту. Ён адбывае пакаранне з 1 ліпеня 2022 года, і прызнаны палітзняволеным 13 ліпеня.

Ім абодвум можна пісаць на адрас: ПУАТ № 21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, Гомельская вобл., 247783. У гэтай ПУАТ зараз знаходзяцца 17 палітзняволеных.

На здымку: Яўген Калпачык.