Мазырскі ПУАТ «выйшаў» на другое месца ў Гомельскай вобласці па колькасці палітзняволеных

Цімур Казачэнка 10.10.2023

>

Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21 у Мазыры «выйшла» на другое месца ў Гомельскай вобласці па колькасці палітычных зняволеных, якія там утрымліваюцца. На цяперашні час у гэтай установе  знаходзяцца 20 чалавек, якіх праваабаронцы прызналі палітзняволенымі.

Першае месца ў гэтай сумнай статыстыцы ў вобласці зараз займае жаночая папраўчая калонія (ПК) № 4 ў Гомелі. Там на сённяшні дзень знаходзяцца 107 палітзняволеных-жанчын. Працяглы час пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. найвялікшая колькасць палітзняволеных на Гомельшчыне ўтрымлівалася ў СІЗА № 3 у Гомелі, але па меры правядзення судовых працэсаў іх этапавалі ў іншыя месцы зняволення ў асноўным за межы вобласці. Цяпер у СІЗА-3 утрымліваюцца 19 палітзняволеных.

Палітзняволеныя на цяперашні час знаходзяцца таксама ў ПУАТ-17 у Гомелі – 12 чалавек, у ПК-20 у Міхалкаўскім сельсавеце Мазырскага раёна – 5, у жаночай ПК-24 у г. п. Зарэчча Рэчыцкага раёна – 3, і па адным чалавеку ў ізалятарах часовага ўтрымання ў Гомелі і Рэчыцы. Агульная колькасць палітзняволеных, такім чынам, у Гомельскай вобласці складае 168 чалавек. Гэта лічба не нашмат змянілася за год: у ліпені мінулага года ў вобласці налічваўся 171 палітзняволены (найбольшая колькасць якіх на той час была ў СІЗА-3).

Што тычыцца мазырскай ПУАТ, то колькасць палітзняволеных там за год зменшылася: у лістападзе мінулага год іх было 27, за прайшойшы час у некалькіх чалавек тэрміны зняволення закончыліся. Тым не меньш, як гэта установа, так і г. Мазыр зараз займаюць сумнае другое месца па колькасці палітзняволеных у Гомельскай вобласці. У цэлым у краіне зараз налічваецца 1481 палітзняволены.

На здымку: ПУАТ № 21 у Мазыры.