Пісалі каментарыі ў «Аднакласніках». Колькасць палітзняволеных у Мазыры павялічылася на 9 чалавек
Цімур Казачэнка
26.11.2022
>>
Як ужо паведамлялася, з пачатку лістапада праваабаронцы прызналі
палітычнымі зняволенымі 5 чалавек з Мінску, якія адбываюць пакаранні ў Мазыры. Акрамя іх, за гэты ж перыяд прызнаны палітзняволенымі 4 чалавекі з іншых
рэгіёнаў, якія таксама знаходзяцца ў мазырскай
папраўчай установе адкрытага тыпу (ПУАТ) № 21.
У заяве аб прызнанні палітычных зняволеных 3 лістапада палітзняволеным прызнаны 56-гадовы муляр Аляксандр Анташкевіч з Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. 21
студзеня 2021 г. ён напісаў каментарый у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» пад
фотаздымкам капітана міліцыі Уладзіміра
Казлоўскага (участковага інспектара АУС Ленінскага раёна г. Гродна, які
паваліўся на зямлю падчас правакацыі 29 траўня 2020 г. на пікеце па збору
подпісаў за вылучэнне Святланы Ціханоўскай кандыдатам у Прэзідэнты РБ). Грамадзяніна абвінавацілі па
артыкуле 369 Крымінальнага кодэкса – «Абраза прадстаўніка ўлады».
На судзе дзяржаўная абвінаваўца – памочніца пракурора Аршанскага раёна Ганна Шумарава – прасіла прызначыць
падсуднаму 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ і спагнаць грашовую
кампенсацыю маральнай шкоды на карысць міліцыянта. 5 лістапада 2021 г. суддзя
суда Аршанскага раёна і г. Оршы Юлія
Вяршыніна вынесла прыгавор – 1,5 гады абмежавання волі ў ПУАТ і кампенсацыя
1000 руб. Пакаранне асуджаны адбывае з 11 сакавіка 2022 г.
19 лістапада прызнаны
палітзняволенымі 3 чалавекі з Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей, якія
таксама адбываюць пакаранні ў Мазыры.
43-гадовы Валерый Адалеўскі асуджаны
2 лютага 2022 г. судом Лідскага раёна таксама па артыкуле 369 КК за каментарый у
«Аднакласніках» – пад негатыўным допісам пра старшага следчага райаддзела
Следчага камітэта. Суддзя Уладзімір Федаровіч
прызначыў грамадзяніну 1,5 гады абмежавання волі ў ПУАТ.
Да такога ж тэрміну пакарання, па тым жа артыкуле 369 і таксама за
каментарый у «Аднакласніках» асуджаны 53-гадовы электраманцёр з г. Маладзечна Віктар Кулеш. У гэтай справе пацярпелым
быў намеснік начальніка Маладзечанскага РАУС па ідэалагічнай рабоце
падпалкоўнік міліцыі Сяргей Гелда,
які прасіў 2500 руб. кампенсацыі за маральную шкоду. Адвакат быў упэўнены, што
няма доказаў вінаватасці падсуднага. Суд спагнаў з грамадзяніна кампенсацыю ў
памеры 1500 руб. Прыгавор вынесла 13 верасня 2021 г. суддзя суда
Маладзечанскага раёна Іна Каханоўская.
Пакаранне ў ПУАТ грамадзянін адбывае з 12 снежня 2021 г.
33-гадовы Мікалай Ласіцкі з Пінска
быў абвінавачаны ў тым, што двойчы змясціў у «Тэлеграм»-канал фота маёра
міліцыі Саковіча Аляксандра са
звесткамі, якія «дыскрэдытуюць пацярпелага ў вачах грамадскасці». Следства вёў
следчы па асабліва важных справах Пінскага міжраённага аддзела Следчага
камітэту маёр юстыцыі Пятровіч Сяргей.
11 снежня 2021 г. суддзя суда Пінскага раёна і г. Пінска Дзмітрый Свіцін прыгаварыў грамадзяніна да 2 гадоў абмежавання волі
ў ПУАТ па арт. 188 КК – «Паклёп». Пакаранне ён адбывае з 10 сакавіка 2022 г.
У ПУАТ № 21 цяпер 27 палітзняволеных. Пісаць ім можна на адрас: ПУАТ №
21, бульвар Юнацтва, 24, г. Мазыр, 247783. Яшчэ 5 палітзняволеных у Мазырскім раёне – у калоніі № 20.
Іх агульная колькасць у вобласці – 196, у Беларусі – 1450.