У двух палітзняволеных жанчын з Мазыра у красавіку – дзень народзінаў

Цімур Казачэнка 03.04.2023

>>

Свае дні народзінаў правядуць за кратамі ў красавіку дзве палітычныя зняволеныя жанчыны з Мазыра. Ім можна даслаць віншавальную паштоўку, ліст альбо тэлеграму.

2 красавіка другі раз дзень народзінаў за кратамі сустрэне Ганна Пышнік. Яе затрымалі 22 сакавіка 2022 г. у Мазыры, абвінавацілі паводле часткі 2 артыкула 361-4 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і змясцілі ў гомельскі СІЗА. Прычынай стала тое, што яна зняла відэа з расійскімі ваеннымі верталётамі і пераслала яго ў «Тэлеграм»-канал, які ўлады лічаць экстрэмісцкім.

16 жніўня 2022 г. суд Мазырскага раёна прыгаварыў грамадзянку да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 15 лістапада ў Гомельскім абласным судзе была разгледжана апеляцыйная скарга на прыгавор, яго пакінулі без змяненняў. На пачатку снежня 2022 г. жыхарку Мазыра перавялі з СІЗА ў калонію.

23 красавіка дзень народзінаў у зняволенні правядзе палітзняволеная Крысціна Чаранкова, якая таксама была затрымана 22 сакавіка 2022 г. і змешчана ў гомельскі СІЗА. Яе абвінавацілі паводле арт. 130 КК – «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці ці варажнечы». Прычынай абвінавачання стала тое, што яна негатыўна напісала ў «Інстаграме» пра міліцыянтаў. У судзе Крысціна патлумачыла, што ў жніўні 2020 г. міліцыя затрымала бацькоў яе мужа, іх білі. Таму яна пачала негатыўна ставіцца да міліцыі.

16 лістапада 2022 г. Гомельскі абласны суд прыгаварыў жыхарку Мазыра да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 7 лютага 2023 г. у Вярхоўным судзе разгледзілі апеляцыйную скаргу і пакінулі прыгавор без змяненняў. Пасля гэтага Крысціну этапавалі з СІЗА ў калонію.

Ганне Генадзьеўне Пышнік і Крысціне Аляксандраўне Чаранковай можна напісаць на адрас: папраўчая калонія № 4, вул. Антошкіна, 3, Гомель, 246035.

На здымку: Ганна Пышнік.