Мазырская палітзняволеная Крысціна Чаранкова 70 дзён заходзіцца за кратамі

Жорж Кунцэвіч 03.06.2022

>>

Семдзесят дзён за кратамі правяла палітзняволеная з Мазыра Крысціна Чаранкова. Дзяўчыну затрымалі 22 сакавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы за некалькі пастоў у Instagram па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне сацыяльнай варожасці).  У Instagram, які меў амаль 15 тысяч падпісантаў, Крысціна публікавала фатаграфіі, прысвечаныя субкультурнай модзе, не хавала сваіх палітычных поглядаў. А пасля нападу Пуціна на Украіну яна выкарыстоўвала свой акаўнт для абвяшчэння антываенных лозунгаў.

Нагадаем, 22 сакавіка 2022 года ў Мазыры прайшлі ператрусы і затрыманні дзясятка антыфашыстаў, удзельнікаў розных контркультурных музычных гуртоў. У выніку былі арыштаваныя па крымінальнай справе Крысціна Чаранкова (арт. 130 КК РБ — распальванне сацыяльнай варожасці за некалькі пастоў у Інстаграме) і Ганна Пышнік (арт. 361-4 КК — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, верагодна, за анархісцкія стыкеры).

Астатніх затрыманых асудзілі па адміністрацыйных справах: Аляксандр Дзеравенька, Антон Беляк, Альберт Зубараў, Андрэй Отчык атрымалі па 10 сутак арышту, Арцём Шкірман — 15 сутак. Быў затрыманы і муж Крысціны Фёдар.

 “Апошні раз мы бачыліся з Крысцінай і сынам 9 сакавіка. У той жа дзень ўначы мы з мужам былі вымушаны з'ехаць з Беларусі ў Польшчу. Крысціна з Фёдарам вырашылі застацца, нягледзячы на пераслед. Казалі, што "хтосьці павінен застацца", што "мы ў сваёй краіне", - піша  ў facebook Алена.

У жніўні 2020 года Крысціна напісала ў сваім блогу пра тое, што адбылося з Аленай і Юрасём Чаранковымі 11 жніўня, пра тое, як іх жорстка затрымлівалі. 

Пад час следства старонка Крысціны Чаранковай у Іnstagram была прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Ініцыяваў працэс у судзе ГУБАЗіК. «Нічога добрага не чакаю», - паведаміла з гэтай нагоды Крысціна на волю.  Вядома, што ў Гомельскім СІЗА №3 Крысіціну паставілі на ўлік як «схільную да экстрэмізму». І пры гэтым яна стварае кранальныя малюнкі і стараецца перадаць іх на волю.

Крысціна, які і многія іншыя палітвязні, адчувае цяжкасці з перапіскай. Калі ад сваякоў лісты неяк прапускаюць, то ад сяброў і знаёмых вестачкі практычна не даходзяць. За ўвесь час можа два лісты і перадалі.

Перыядычна Крысціну пераводзяць з камеры ў камеру. Яна жартуе, што паспела за час зняволення перазнаёміцца ў СІЗА з усімі “палітычнымі” жанчынамі.

На думку сваякоў, суд над Крысцінай адбудзецца не хутка, не раней за восень.

Падтрымайце Крысціну паштоўкай або лістом: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А. Крысціна Аляксандраўна Чаранкова.