Дзмітрый Брэль з Рэчыцы прызнаны палітзняволеным

Цімур Казачэнка 08.08.2022

>

5 жніўня праваабаронцы Беларусі прынялі сумесную заяву аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ 11 чалавек. Сярод іх – Дзмітрый Брэль з Гомельскай вобласці.

26-гадовы Дзмітрый Брэль у лістападзе 2021 г. асуджаны судом Рэчыцкага раёна паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса – «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Гаворка ідзе пра акцыі, якія адбываліся пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года. Суддзя Іванюценка Станіслаў прыгаварыў грамадзяніна да 1 года і 3 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пасля абскарджання 19 студзеня 2022 г. у Гомельскім абласным судзе прысуд быў пакінуты без змяненняў.

Іншыя 10 грамадзян, якія прызнаныя палітзняволенымі 5 жніўня, таксама пераследуюцца паводле часткі 1 артыкула 342 КК.

У сваёй заяве праваабаронцы адзначаюць, што свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выступы грамадзян мелі мірны характар, былі выкліканы недаверам да вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і не ўяўлялі пагрозы для грамадскай ці нацыянальнай бяспекі. Аднак спецпадраздзяленні МУС ужывалі ў адносінах да дэманстрантаў непрапарцыйна жорсткія меры з выкарыстаннем спецсродкаў і зброі. У сувязі з гэтым праваабаронцы лічаць, што пераслед грамадзян за  «грубае парушэнне грамадскага парадку» палітычна матываваны.

На сённяшні дзень у краіне налічваецца 1262 палітзняволеных, з іх 171 знаходзяцца ў месцах зняволення ў Гомельскай вобласці.


На здымках:суддзя Станіслаў Іванюценка.