60 тысяч даляраў штрафу і 330 сутак арышту. ПЦ «Вясна» падсумоўвае вынікі кампаніі палітычных рэпрэсіяў за ўдзел у снежаньскіх мірных сходах

Палеская Вясна 31.01.2020

У снежні мінулага і студзені гэтага года дзяржаўныя органы Беларусі разгарнулі актыўную рэпрэсіўную кампанію супраць дзясяткаў грамадзян нашай краіны. Гэтыя людзі падчас расійска-беларускіх перамоваў па так званым паглыбленні інтэграцыі дзвюх краінаў выходзілі на вуліцы і плошчы, каб выказаць сваю нязгоду са стратай суверэнітэту і незалежнасці.

Асуджэнне неабыякавых да незалежнасці сваёй краіны грамадзянаў пастаўлена на канвеер. Участковыя інспектары міліцыі значную частку свайго службовага часу прысвяцілі пераследу грамадзянаў Беларусі за выказванне іхных палітычных поглядаў, складаючы пратаколы паводле артыкулу 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў). Суды адбываліся ў розных рэгіёнах Беларусі.


Чытайце таксама:


Праваабарончы цэнтр «Вясна» пільна адсочваў усе рэпрэсіўныя захады дзяржаўных органаў і збіраў інфармацыю аб рэпрэсіях. Паводле базы пераследу, якую складае «Вясна», станам на 29 студзеня адбылося больш за 170 судовых паседжанняў, на якіх карныя захады разглядаліся ў дачыненні да 117 ўдзельнікаў мірных сходаў, што адбываліся 7, 8, 20 і 21 снежня 2019 года ў Мінску, а таксама ў іншых гарадах. Прысуджана штрафаў на агульную суму ў 129 573,5 рубля, што эквівалентна амаль 60 900 далярам ЗША. 12 чалавек асуджаныя да адміністрацыйнага арышту агульнай працягласці ў 330 сутак. Шэраг судовых паседжанняў перанесены на люты ў сувязі з недакладнасцямі ў матэрыялах, адсутнасцю сведкаў ці з іншых нагодаў. Таму памеры рэпрэсіяў яшчэ могуць павялічыцца. 

Праваабаронцы нагадваюць, што, згодна з артыкулам 21 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісаны і ратыфікаваны Беларуссю, прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай ці грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў.

Органы пераследу, якія караюць грамадзян краіны за карыстанне правам на мірныя сходы, а таксама нацыянальныя заканадаўцы ніяк не тлумачаць, якім чынам гэтыя мірныя сходы закранаюць інтарэсы дзяржаўнай і грамадскай бяспекі, грамадскі парадак, здароўе і маральнасць насельніцтва ці правы і свабоды іншых асобаў. Не абгрунтоўваюцца з гледзішча міжнароднага права і тыя абмежаванні ў карыстанні правам на мірныя сходы, якія ўсталяваныя беларускім заканадаўствам.

Паводле інфармацыі spring96.org. Фота: spring96.org