У Ровенскай вобласці будуць судзіць расійскага найміта – грамадзяніна Беларусі

Цімур Казачэнка 29.02.2024

>

У Ровенскай вобласці Украіны, якая мяжуе з Брэсцкай і Гомельскай абласцямі Беларусі, будуць судзіць расійскага найміта – грамадзяніна Беларусі. Ён рыхтаваў дыверсіі, у выніку якіх павінна была адключыцца электраэнергія ў Кіеве і Кіеўскай вобласці, а раней ваяваў за расійскіх акупантаў. Яму пагражае пакаранне да пажыццёвага зняволення.

Пра гэта паведаміў 28 лютага Укрінфарм са спасылкай на Ровенскую абласную пракуратуру.

Абвінавачаны быў затрыманы ў студзені ў Сарненскім раёне супрацоўнікамі Упраўлення Службы бяспекі Украіны (СБУ) па Ровенскай вобласці на месцы падрыхтоўкі дыверсіі. Падчас затрымання расійскі найміт меў пры сабе неабходнае абсталяванне і падроблены ўкраінскі пашпарт.

Дасудовае расследаванне праводзілі следчыя Упраўлення СБУ ў Ровенскай вобласці. У ходзе следства было вызначана, што абвінавачаны, з'яўляючыся завербаваным агентам спецыяльнай службы Расійскай Федэрацыі, у студзені незаконна перасёк мяжу Украіны для выканання задання свайго кіраўніка па падрыхтоўцы дыверсій. Ён павінен быў усталяваць GPS-трэкеры на аб'ектах энергетычнай інфраструктуры, каб расійскія войскі атрымалі дакладныя каардынаты для ўдараў.

Паводле інфармацыі пракуратуры, мужчына раней ваяваў супраць Украіны. У прыватнасці, ён знаходзіўся ў некалькіх незаконных узброеных фарміраваннях так званых ДНР і ЛНР, а ў 2023 г. уваходзіў у склад расійскай прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер” і ўдзельнічаў у баявых дзеяннях супраць Украіны пад г. Бахмут Данецкай вобласці.

Пракурор Ровенскай абласной пракуратуры накіраваў у суд абвінаваўчы акт у дачыненні да грамадзяніна Беларусі, які ваяваў на баку акупантаў і рыхтаваў дыверсіі на аб'ектах крытычнай інфраструктуры”, гаворыцца ў паведамленні.

Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Санкцыя адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэкса Украіны прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 15 гадоў або пажыццёвага з канфіскацыяй маёмасці.

На здымку: падчас затрымання ў студзені.