У Ровенскай вобласці Украіны па падазрэнні ў дыверсіі затрыманы грамадзянін Беларусі

Цімур Казачэнка 15.01.2024

>

Служба бяспекі Украіны (СБУ) паведаміла, што ў Ровенскай вобласці ў ходзе шматэтапнай спецаперацыі затрыманы баевік з расійскай ПВК “Вагнер”, якога расійская выведка накіравала ва Украіну для дыверсій. Затрыманы – грамадзянін Беларусі.

Паведамляецца, што ён атрымаў заданне прыбыць з Беларусі ў Ровенскую вобласць, якая мяжуе з Брэсцкай і Гомельскай абласцямі Беларусі, для карэкціроўкі расійскіх удараў па энергетычнай інфраструктуры. У выніку павінна была адключыцца падача электраэнергіі ў Кіеў і кіеўскую гарадскую агламерацыю.

Аб гэтых планах СБУ стала вядома яшчэ падчас знаходжання “вагнераўца” ў Беларусі. З таго часу ўкраінскія спецслужбы паэтапна дакументавалі яго дзеянні ад перасячэння дзяржаўнай мяжы да прыбыцця на месца дыверсіі. У выніку грамадзянін Беларусі быў затрыманы пры спробе прымацаваць некалькі GPS-трэкераў да слупоў ліній электраперадач.

Па сігналах «маякоў» расійскія войскі збіраліся нанесці ўдар па энергетычных аб'ектах, у тым ліку з выкарыстаннем беспілотных паветраных апаратаў тыпу “Шахед”.

Паводле паведамлення СБУ, затрыманы з'яўляецца грамадзянінам Беларусі, які ўваходзіць у агентурны апарат расійскага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення. З 2014 па 2017 г. ён уваходзіў у склад групоўкі “ЛДНР” і браў удзел у баявых дзеяннях супраць сіл антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. У пачатку ўварвання Расійскай Федэрацыі ва Украіну ў 2022 г. ён далучыўся да расійскай прыватнай ваеннай кампаніі “Вагнер”, у складзе якой удзельнічаў у нападзе на г. Бахмут Данецкай вобласці і суседнія населеныя пункты.

Пазней ён вярнуўся ў Беларусь, дзе атрымаў заданне ад куратара з ваеннай разведкі РФ аб падрыхтоўцы дыверсій на памежнай тэрыторыі Украіны.

Следчыя плануюць паведаміць затрыманаму аб падазрэнні па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны: артыкул 113 (дыверсія) і частка 1 артыкула 258-3 (удзел у тэрарыстычнай групоўцы або тэрарыстычнай арганізацыі). Паведамляецца, што спецаперацыю правяло Упраўленне СБУ ў Ровенскай вобласці сумесна з Дзяржаўнай памежнай службай Украіны пад працэсуальным кіраўніцтвам Ровенскай абласной пракуратуры.

На здымку: падчас затрымання.